пададзена 7 пісулек, у якіх прасілі растлумачыць, што азначаюць словы: пэрыфэрыя, квінтэсэнцыя, прызма, рацыяналізацыя, стабілізацыя, уцілізацыя і г. д.
Пасьля афіцыйнай часткі абвесьцілі перапынак. Чакалі канцэрту.
Крэйна выйшла з нардому. Я пасьпяшыў за ёю, бо хацелася хутчэй намацаць глебу для больш інтымных спраў. Але дзяўчына, вышаўшы з нардому, як вадою разьлілася.
Сумны, з пачуцьцём нейкай смолі на сэрцы, я накіраваўся за глухую сьцяну нардому. Тамака было цямрава, і толькі троху далей высоўваўся змрочны сілуэт сынагогі, за ёю сілуэт другой сынагогі і трэцяй. Будынак нардому да рэвалюцыі таксама быў сынагогай і самай пекнай з усіх 5 местачковых сынагог. Але ў 19 годзе, дзякуючы няўтомнай энэргіі і маньяцтву двох людзей — настаўніка Калабухі і старшыні рэўкому Беларыбкі — сынагога перавярнулася ў добра абсталяваны з дэкарацыямі і мэбляй нардом. Мне гаварылі яшчэ, як будавалі гэты нардом. Калі выканком зачыніў сынагогу і пачаў шукаць людзей, каб перарабіць яе на нардом, дык ніхто зь цесьляроў не пашоў на працу, ні яўрэі, ні хрысьціяне. I будавалі ўсё настаўнік Калабуха і старшыня Беларыбка. Зь імі яшчэ працаваў адзін чалавек, ды ён быў зусім глухі. I вось адзін раз, настаўнік Калабуха ўбіваў цьвік у самы кумпал сынагогі. Прыладзіў драбіны і пачаў моцна бухаць па цьвіку, але... драбіны пахіснуліся... Настаўнік затрымаўся на ўбітым цьвіку і павіснуў на сьцяне, а драбіны ўніз паляцелі. Ён закрычаў, але ніхто ня чуў... Зь ім працаваў і той глухі дзед, якому ўсё роўна было, ёсьць Бог ці няма. I ён ня чуў крыку «ратуйце». А з вуліцы ніхто ня прышоў, хоць, кажуць, і чулі ўсё гэта. Толькі выпадкова дзед узьняў вочы ўверх і ўбачыў, што трэба ратаваць. Цяпер часта апавядаюць гэту гісторыю.
Я стаяў у змроку каля сьцяны нардому і разьбіраўся ў сваіх думках. Было ціха. Ніхто сюды не заглядаў. Там, з другога боку нардому, чуўся тупат бязьлікай колькасьці ног.
Раптам мае вушы схапілі стрыманы дзявочы сьмех і нізкі гудлівы працяжны голас мужчыны. О, як затахала