Цяперёлка нават дрыжаць не адважвалася. І напалохалася-ж яна! Асабліва таму, што вельмі баялася страціць хоць што-небудзь з свайго ўбранства. Ад усяго гэтага бляску ў яе аж заняло дух. Раптам абедзве палавінкі дзвярэй расчыніліся, і ўварваўся цэлы натоўп дзяцей; можна было падумаць, што яны мерыліся паваліць дрэва! За імі паважна ўвайшлі старэйшыя.
Малышы спыніліся, як укопаныя, але толькі на хвіліну, а там узняўся такі шум і гам, што аж у вушах звінела. Дзеці скакалі вакол ёлкі і раз-по-раз зрывалі з яе то тое, то другое.
"Што-ж гэта яны робяць? — думала ёлка - Што гэта азначае?“
Свечкі дагарэлі да самых галін, і іх паступова гасілі, а дзецям дазволілі абабраць дрэва. Як накінуліся яны на бедную ёлку, - толькі галіны затрашчалі! Каб не была ёлка верхавінай з залатой зоркай моцна прывязана да столі, дзеці павалілі-б яе.
Потым дзеці зноў пачалі скакаць, не выпускаючы з рук сваіх цудоўных цацак. Ніхто больш не глядзеў на ёлку; апрача старой няні, ды і тая прыглядалася толькі, ці не засталося дзе сярод галін якога яблычка або фініка.
— Казку! Казку! - закрычалі дзеці і прывялі да ёлкі маленькага тоўсценькага чалавека.
Ён усеўся пад дрэвам і сказаў:
— Вось мы і ў лесе! Ды і ёлка разам паслухае. Але я раскажу толькі адну казку. Якую хочаце: пра Іведэ-Аведэ або пра Клумпе-Думпе, які, хоць і зваліўся з лесніцы, але ўсё-ж такі вышаў у людзі і здабыў сабе прынцэсу?
— Пра Іведэ-Аведэ!—закрычалі адны.
— Пра Клумпе-Думпе!—крычалі другія.
Падняўся крык і шум; адна ёлка стаяла ціха і думала: "А хіба я не буду ўдзельнічаць, ці мне болей няма чаго рабіць?"
Яна ўжо зрабіла сваю справу!
І тоўсценькі чалавек расказаў пра Клумпе-Думпе, які хоць і зваліўся з лесніцы, але ўсё-такі вышаў у людзі і здабыў сабе прынцэсу.
Дзеці запляскалі ў далоні і закрычалі: