часам вецер рассоўваў калоссі, і ёй удавалася ўбачыць кавалачак блакітнага неба.
"Як светла, як хораша тут на волі!" думала Дзюймовачка і ўсё ўспамінала ластаўку. Ёй вельмі хацелася пабачыць птушку, але ластаўкі нідзе не было відаць; мабыць, яна лётала там далёка-далёка, у зялёным лесе.
І вось прышла восень. Пасаг Дзюймовачкі быў гатовы.
— Праз чатыры тыдні тваё вяселле! — сказала Дзюймовачцы палявая мыш.
Але Дзюймовачка заплакала і сказала, што не хоча выходзіць замуж за нуднага крата.
— Глупствы! — сказала старая мыш.- Не будзь упартай, а то я ўкушу цябе сваімі вострымі зубамі. Чым табе крот не муж? У самой каралевы няма такой чорнай бархатнай футры, як у яго. Ды і ў скляпах у яго не пуста. Бога дзякуй за такога мужа!
Нарэшце надышоў дзень вяселля, і крот прышоў па сваю нявесту. Цяпер Дзюймовачцы прыдзецца перасяліцца ў кратовую нару, жыць глыбока пад зямлёй, і ніколі яна не ўбачыць сонца, - крот ні ў якім разе не дазволіць ёй выходзіць з нары. А беднай Дзюймовачцы было так цяжка назаўсёды развітацца з ясным сонейкам. І Дзюймовачка вышла зірнуць на сонейка ў апошні раз.
Хлеб быў ужо ўбраны з поля, і з зямлі зноў тырчалі голыя, засохлыя сцяблы.
Дзяўчынка адышла ад мышынай норкі крыху далей і працягнула да сонца рукі.
- Бывай, сонейка, бывай!
Потым яна ўбачыла маленькую чырвоную кветку, абняла яе і сказала:
— Пакланіся, кветачка, ад мяне мілай ластаўцы, калі ўбачыш яе!
— Цві-віць, цві-віць! — раптам пачулася над яе галавой.
Дзюймовачка падняла вочы і ўбачыла ластаўку, якая пралятала міма. Ластаўка таксама ўбачыла дзяўчынку і вельмі абрадавалася, а Дзюймовачка заплакала і расказала ластаўцы, як ёй не хочацца выходзіць замуж за тоўстага крата і жыць з ім глыбока пад зямлёй, куды ніколі не заглядвае сонейка.