У гэтым кароткім уступе немагчыма, разумеецца, абхапіць гэты старагрэцкі сьветапагляд з усіх яго бакоў. Дзеля нашае мэты трэба спыніцца толькі на адным яго баку і паставіць яго, як ідэолёгію, у залежнасьць ад першапачатковых прычын, ад тых географічных, кліматычных, глебавых варункаў, сярод якіх жылі грэкі. I паміж гэтых варункаў мы зьвернем увагу толькі на тыя, якія зьяўляюцца важнымі для нас, у сучасны момант дзеля нашае мэты.
Грэцыя ёсьць краіна нязвычайна празрыстага паветра і сонечнага бляску. Няма ніводнага месца ў Эўропе, дзе паветра было-бы такое празрыстае, як у прыгожай Элядзе. I ў гэтым празрыстым паветры залітыя яскравымі праменямі сонца сьлепячы мігацяць абголеныя мармуровыя пароды, ласкава сьмяецца чароўнае грэцкае мора, і ясна, рэльефна выдзяляецца кожная рэч—скалы, дрэвы, галіны на іх, кожны лісьцік, ручай, возерка і г. д. У істоце прырода Грэцыі не багатая, але ў гэтым празрыстым паветры і сонечным бляску яна здаецца надзвычайна прыгожаю і, што найгалоўнейшае, яснай, рэльефнай ува ўсіх сваіх нават найдрабнейшых праявах. І грэк прызвычаіўся да гэтай рэльефнасьці і прыгожасьці і зрабіўся народам мастакоў. Грэк бясконца кахаў прыроду свае маляўнічай Эляды, ад яе ён не адыходзіў ні на момант. Вось тут і ляжаў асяродак старагрэцкага сьветапагляду.