Ісмэна
Ня мела весткі я аб нашых дарагіх
Ні добрае, ні дрэннай, з тэй пары, сястра,
Як страцілі мы разам двох братоў сваіх,
Якія згіблі ў дзень адзін ад ўласных рук.
Калі-ж аргэйцаў войска зноў пашло дамоў
Сягоньня ўночы, новай весткі ня было
Ні добрае, ні дрэннай, як было й раней.
Антыгона
Я гэта ведала. З палацу я цябе
Зазвала, каб з табой з аднэй пагаварыць.
Ісмэна
Што, што сястра? Чаму хвалюешся ты так?
Антыгона
Ці-ж не аддаў загад Крэонт, каб пахаваць
З братоў ледзь аднаго, на зьдзек аддаць другога?
Дддаў зямельцы Этэокля, кажуць, ён
I, як належыць ўсё пры хаўтурох, зрабіў.
Душы яго пачэснае ён месца ў Гадзе[1] даў.
Бяздольна-ж згібшага Полініка Крэонт
Ўсім грамадзянам загадаў, кабы ніхто
Ў зямлі не пахаваў і сьлёз аб ім ня ліў,—
Бяз могілак, бяз сьлёз пакінуць на зямлі
Драпежным птахам смачную спажыну,
Такі загад аддаў наш добранькі Крэонт,
Як кажуць, мне й табе. I мне, кажу, і мне!..
- ↑ Гад, Гадэс—бог падземнага царства. дзе жывуць цені—душы памёршых людзей. Адсюль і самае падземнае царства называецца Гад (Гадэс).