адпусціў вузел рэменя і пасадзіў яго ў кут. Дзяўчынка, якая заснула ўжо ля печкі, ускочыла і моўчкі спалохана пачала глядзець на нас. Я сеў на лаўку.
— Глядзі як льецца, — заўважыў ляснік: — пачакаць прыдзецца. Ці не хочаце прылегчы?
— Дзякую.
— Я-б яго, для вашай міласці, у кладоўку запёр, — гаварыў ён, паказваючы на мужыка: — ды, бачыш, засоўка…
— Пакінь яго тут, не чапай, — спыніў я Бірука.
Мужык глянуў на мяне спадылба. Я моўчкі даў сабе слова, чаго-б гэта ні каштавала, вызваліць бедняка. Ён нерухома сядзеў на лаўцы. Пры святле ліхтара я мог разгледзець яго спіты маршчыністы твар, навісшыя жоўтыя бровы, неспакойныя вочы, худыя члены… Дзяўчынка лягла на падлозе ля самых яго ног і зноў заснула. Бірук сядзеў ля стала, абапёршыся галавой на рукі. Цвіркун крычаў у кутку… дождж стукаў па страсе і сцякаў па вокнах; мы ўсе маўчалі.
— Фама Кузьміч, — раптам загаварыў мужык голасам глухім і дрыжачым: — а Фама Кузьміч.
— Чаго табе?
— Вызвалі.
Бірук не адказваў.
— Вызвалі… з голаду… вызвалі.