У раздум‘і пастаў ён хвіліну і палез на гару. І там выбраў самы цёмны кут і закінуў у яго сваю скрыпку.
А Павал выцягнуў з паліцы кніжку і нашоў у ёй адрас свайго былога начлежніка.
У яго-ж паперах зьявіўся новы запісі:
— „Зусім зьнішчыць быльнікавы межы“…
У наступныя ночы ў Паўлавай хаце многа гаварылі над гэтым запісам. Многа раз зьбіраліся яго выкасаваць. І можа сапраўды выкасуюць. І не адзін раз можа будуць яго зноў запісваць, і не адзін раз можа зноў выкасоўваць.
Няважна.
Важна тое, што ўласнаю рукою, ад уласнай сьвядомасьці, ён раз ужо быў утворан, гэты запіс.
У наступныя ночы зноў галасілі ў быльнікавых межах ваўкі; у наступныя дні зноў падымаў вецер саломены крык на віхрастай галаве вёскі.
Няважна.
Важна тое, што ў віхрастай галаве ёсьць веда:
— „На сьвеце існуе тое, чалавекам створанае, чым можна заглушыць воўчыя галасы ў быльнікавых межах і саломены крык вёскі, пад ударамі буйнага ветру.