— Ды я не хачу, я сам, я не прашу вас!
— Скромнасьць, таксама, як і прастата, добрачыннасьць. Падстаўляйце сьпіну.
Яны сілаю павярнулі чалавека к сабе сьпінаю і пачалі мыць. Абкацілі вадою, абмылілі нанава і пачалі шараваць. Дзядзя Стафанковіч вадзіў па сьпіне рагожаю, Макей Філатавіч намыльваў, дзядок паліваў вадою, а Разьнюхайлін камандаваў:
— Так так, пабольш мыла кладзі на шыю, вось тут шмаргані, ніжэй, ніжэй; а ты вадою пад лапаткі боўтні, ды толькі не бяры кіпню, каб не апарыць таварыша!..
— Гвалт, людзі ратуйце, пусьцеце, браткі, што я зрабіў вам… А-я-яй!.. Да я на вас заяву падам!!!
Усе ўчатырох адскочылі ад чалавека’ а той, зарадаваўшыся вызваленью; кінуўся раптам за дзьверы й пачаў адзявацца.
— Што яму за ліха, ды ён папраўдзе як-бы баіцца нас — паціснуў плячыма дзядзя Стафанковіч
— Нічога не баіцца, а політыку вядзе, — трунуў басам Разьнюхайлін, ідзіце хто паглядзіце хто ён такі: ваенны ці штацкі?
Дзядзя вышаў за дзьверы.
Чалавек, адзеты ўжо ў старыя салдацкія палатаныя порткі, пасьпешна нацягваў на левую нагу парваны бот, увесь запэцканы гразёю і гноем.
Дзядзя атарапеўшы шмыгануў назад.
— Браткі-ж мае, гэта ж абарванец нейкі!