раўся прыдумаць забытую думку, а пачынаў зразу-ж новую, кончыўшы забытую фразу на сярэдзіне словам „гэтае“. Так, як і Міхалка ён ня думаючы гаварыў усё тое, што лезла на язык, і загэтым гаворка ў абодвых іх выходзіла складна, але ні к сялу, ні к гораду.
Быў яшчэ адзін „практычны“ гаварун, які думаў з свае гаворкі зрабіць сабе карысьць. Гэта быў Клеманс Мікадэмчік. Ён хацеў, каб яго калі небудзь выбралі ў сельсавет, і з усіх сіл сваіх стараўся паказацца ўсім чалавекам „гаваркім, разумным, які можа павясьці ўсякае дзела“. Загэтым ён усюды, дзе толькі можна было, гаварыў бяз канца. Як і большасьць гаваруноў, ён аб сэнсе свае гаворкі ня думаў, а рабіў так, як найлепш рабіць у такіх выпадках — заўседы гаварыў усім у руку…
Усякі гаварун лічыў сваю гаворку вельмі важнай, усякаму задавалася, што калі ён не пагаворыць, дык будзе вялікая бяда і таму, каму даюць падатак, і таму, хто яго дае. Усякі думаў, што яго ўсе слухаюць, але выходзіла так, што ніхто нікога ня слухаў, а гаварыл ўсе.
Толькі адзін старшыня сельсавету не гаварыў. Яно то й яму хацелася пагаварыць, але, як вядома, трудна аднаму чалавеку гаварыць так, каб сотня мужчын была давольна яго гаворкай. Для гэтага трэба мець добрую галаву. Галава-ж у старшыні была, праўда. ня кепская, але-ж і не такая ўжо добрая, каб можна было ўнаравіць цэламу сходу. І ён ці-