ўсё на гатовае спадзяецца й гэтае. Няма, каб прышоў памагчы дзела рашаць, дык не, хай нехта, так як-бы яму нічога й ня гэтая…
— От, шоў ды зашоў, — вінавата адказаў Максімка, ня ведаючы, дзе яму дзецца,
— Тымчасам, браткі мае, ён, як верабей — прэцца на бляск, — вылепятаў Міхалка і давольны сабою азірнуўся.
Ён быў рад, што дарваўся да новае тэмы. Ды й многія, няведама чаго, былі рады, так як-бы Максімка прынёс ім прычыну для вясёласьці. Знашоўся нават адзін, што, сам ня ведаючы чаму, закрычаў пад вухам у Максімкі — „ур-ра-а“! І тады ўсе, убачыўшы, што дагаварыліся да пустога канца, пачалі разыходзіцца.
Было ўжо позна. У многіх хатах былі ўжо патушаны агні.
Было ціха, і гучна зычэлі галасы на цёмнай вуліцы й плюхалі па гразі боты і лапці.
І толькі цяпер, па дарозе дадому, Максімка дапытаўся, чаго быў сход. І йдучы ў вялікім гурце, ён думаў, што заўтра трэба будзе дасьвету ўстаць, зьвеяць жыта, бо хто іх ведае, калі ўсе задумаюць вязьці.
— А калі-ж павязом? — запытаў ён у Міхалкі.
Міхалка бойка адказаў:
— Тымчасам, браткі мае, чорт яго ведае. Ты думаеш, народ наш ведае, калі вязьці? Дурны наш народ.