чалася гарачая спрэчка, калі лепш сеяць жыта — маладзіком ці „сходнімі днямі“. Па большасьці галасоў вышла, што ні маладзіком, і — ні „сходнімі днямі“, а „самым поўнам“, але тут сталі падавацца галасы, што гэта „поўнам“ добра ўстаўляць дубэльты ў вокны — макрэць ня будуць. Алесь-жа стаў раптам расказваць, як даўней „Лейба Міхолаў“ павёз у Варшаву вагон цыбулі на продаж і пакуль завёз, дык цыбуля ўся памерла, і ён зарабіў, „як Заблоцкі на мыле“,
Закончылі сход пеўні, пачаўшы сьпяваць. Як трэба будзе вязьці, то сельсавет закажа — была ўва ўсякага цьвёрдая думка і ўсё весела разышліся па хатах. Некалькі хвілін за імі стукалі дзьверы, ляпалі яны па прымёрзшай зямлі лапцямі й ботамі. У вокнах ясьней заблішчэлі агні, але не надоўга. Скора ўсё пацямнела й заціхла.
ІІІ.
На трэйці дзень, пагожаю раніцаю, перад вокнамі ў Максімкавым двары стаяў „Буланчык“, запрэжаны ў драбіны. На драбінах ляжалі два мяшкі з жытам.
Гэтыя мяшкі не давалі яму спакою. Ён бачыў іх праз вакно з свае цёмнае хаты і ўсё думаў. Яго браў страх ад таго, што ён выбіраецца ў горад за сорак вёрст. Чаго яму было страшна, ён сам ніколі ня мог-бы растлумачыць, ён і не разумеў гэтага. Ды ніколі аб гэтым ён і ня думаў. Ён адчуваў гэты страх інстынктыўна, несьвядома.