— Ч-ч-а… Чаго!. а-а-а… — гукнуў Тодар, — пасьпееш!.. Хто гэта дурны сьпяшае з дому.
І Максімка пад Тодаравым уплывам паспакайнеў.
— Буду я адно пільнавацца Тодара, — рашыў цьвёрда Максімка, ідучы назад к свайму возу. І стаў папраўляць хамут на Буланчыку…
На вуліцы чутны былі крыкі:
— Ну, чаму-ж ня выяжджаеш?! — скрыпеў недзе ў двары злосны голас.
— А самты што, — адказваў другі голас, — на каго крычыш, а сам? здаецца-ж конь, дзякуй богу!..
— Конь, конь, — агыркваўся першы, — як табе мой конь у вочы коле. Хто табе забараняе добрага каня мець!..
— Ну, выяжджайце там, гэй! — чулася яшчэ з другога боку.
— Выяжджайце там, гэй, — крычаў задзёршы голаў той, да каго кагадзе крычалі.
Максімка выткнуўся на вуліцу.
— Максімка, выяжджай! — гукнула разам некалькі галасоў.
Максімка скоранька шмыгнуў назад у двор.
Галасы не пакідалі глушыць вуліцу.
— Юрась, выяжджай!
— А ты што?!
— У мяне кабыла накульгвае, як-жа я пярэднім паеду!
— А ў мяне конь пудлівы. Хай, калі гэтак, Рыгор першым едзе.