голы, з бесканцоваю гаворкаю й крыкам, тарапліва шныралі між сваіх вазоў і на вуліцы каля дому. Яны цягалі на свае вазы з рынку мяшкі солі, скрынкі цьвікоў, запалак, махоркі… Гаспадар дому, — чалавек год пад сорак, вёрткі, астрабароды й хітры, як вужака — пільна сачыў за ўсім тым, што рабілася тут. Лепш за ўсіх ён ведаў, што рабілася і ўва ўсім горадзе. Свайму сябру ён без абмылкі мог сказаць, у якім становішчы грашовыя справы кожнага коопэратыву ў горадзе, добра ведаў, колькі можна ўзяць за карову, або за пуд шэрсьці ці фунт масла Ў якім-небудзь мястэчку вёрст за сорак і г. д. Сяляне, якія часта ў яго начавалі, былі ўпэўнены ў тым, што ён ведае „лепш за ўсякага камісара“ ці будзе вайна і, калі будзе, то з кім і калі… Ніколі ён не сядзеў на адным месцы, а ўсё шныраў ад цямна да цямна па ўсякіх крамках, абмацваў на рынку сялянскія вазы, зазываў к сабе начлежнікаў і пры гэтым гаварыў столькі, колькі не гаварылі зараз усе тыя людзі, якіх заўсёды было поўна ў яго ў доме й на двары. Тодар і Максімка, здаючы падатак, бачылі, яго, нават, нечага каля прыёмшчыка падатку. Яны яшчэ ня ведалі, хто ён, але ён зразу кінуўся ім у вочы, як адмятнейшы ад усіх. У яго й прышлося начаваць Максімку й Тодару.
Закрыўшыся каўняром ад ветру, ён падбег да іх перад самым вечарам і закрычаў:
— Зарабіць хочаце, ці не?!