вачыма й пасінеўшым носам, у кароткім картовым кафтаніку, круціў шарманку, якая выпускала з сябе нейкі пісклівы, наіўна-вясёленькі матыў. Другі, ў доўгім, чорным, аблезлым і парваным пальце, дзяржаў на плячах барабан і, апусьціўшы ўніз, і вывернуўшы руку, біў па ім тонкаю і доўгаю палкаю ў такт шарманцы. Пры барабане была на пружыне медная талерка, ад яе быў праведзен ўніз шнурок і зачэплен чалавеку за абцас. Барабанячы, ён выконваў нейкі просьценькі, зусім прымітыўны, танец і меў вельмі сьмешны выгляд. Ён кружыўся на адным месцы, нявысока падскакваў, стараючыся пацасьці ў такт шарманцы. Ад яго руху шнурок тузаўся й медная талерка бразгала па барабане, не пападаючы ў такт. Час ад часу, стараючыся разьвесяліць сваю публіку, ён выкрыкваў ўсё адно й тое-ж:
— А я бедны сірата |
Шарманшчык пачынаў быстрэй вярцець рукою, і скакуну прыходзілася драбней перабіраць нагамі. Тут-жа на зямлі ляжаў адчынены стары чамадан, у які публіка кідала грошы, папяросы, хлеб, яблыкі — што ў каго было.
Максімка пераглянуўся з Тодарам, нечага ухмыльнуўся й пашоў к свайму возу. Разам з Дрэйзіным налажылі яны з Тодарам на