Старонка:Апавяданьні (Чорны, 1925).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

БЫЛЬНІКАВЫ МЕЖЫ.

І.

Азалаціла восень поле іржышчам, дрэвы лісьцем, гумна снапамі; абвеяла хаты жытнім пылам; вострым пахам кастрыцы напоўніла вуліцу…

Кароткімі днямі хутка пабегла жыцьцё ў вечнасьць. Адналькова яснымі нараджаліся яны, гэтыя дні, і такімі-ж гасьлі, і на зьмену ім прыходзілі доўгія асеньнія ночы — то туманныя, то зорныя, з вострым халадком першых замаразкаў…

Дзень пры дні стагнаў ток пад Паўлавым цэпам. Ячменныя асьцюкі з пылам забіваліся яму за каўнер і ў лапці, падала зьверху на яго пыльнае павуценьне, і ён некалькі разоў на дзень выходзіў атрэпацца на двор.

А на двары і вакол было ўсё так, як і дзесяць, дваццаць год таму назад. Таксама плакалі замурзаныя дзеці, абсыпаў вецер пяском трухлявыя сьцены, на пустых агародах панура цягаліся дробныя худыя коні. І той-жа самы стары стук цапоў абуджваў пустое поле. Поле-ж гэтае, яшчэ больш, здаецца, абрасло за апошнія гады густым быльнікам на шыро-