ЯКІМ. Т-а-а-к, ці аднаго завялі, каб іх сьляпых вадзілі.
НАТ. Ну, а ці быў-жа ты па адрэсу ў жонкі Бяздомнага?
ДЗІУНЫ. Быў. О, ляпе́й-бы я памер, чымся ішоў туды.
НАТ. Кажы, кажы.
ДЗІУНЫ. Прыходжу, у сырым сутарэньні за машынай сядзіць маладая заплаканая жонка, худы твар выглядаў, ох, не магу расказаць, двое дзе́так гулялі на падлозе, я ступіў і замер… ме́ньшы сынок яго падбег да мяне́, абняў мае́ кале́ні і нямым голасам закрычаў: мама, мама, татулька наш прышоў, — я ня вытрываў абамле́ў… адняло мову, і доўга ня мог выказаць, хто я і чаго прышоў.
ВАУЧ. О! як балюча чуць усё гэта!..
НАТ. І так ты нічога ёй не сказаў?
ДЗІУН. Не сказаў.
ЯКІМ. Не сказаў і добра… хто-не́будзь другі скажа… Усё роўна ня ве́рнеш.
ЗЬЯВА IV.
ВАСІЛЬ.
УСЕ. Ага… зьявіўся?!
ВАСІЛЬ. Выбачайце… быццам і запазьніўся на часінку, але ў гэтым не мая віна выглядаў усё. Пункт а пятай… трэба быць на мейсцы… будзе е́хаць тут ля нас.
УСЕ. (глядзяць на гадзіннікі).
ЯКІМ. Ну, то і пойдзем… (устае́, перакладае леварвэр з кішані ў кішаню).
УСЕ. Пойдзем.
НАТ. Якім… затрымайся на часіну… хачу папытацца… сядзь…
ЯКІМ. Не сяду… сядзе́ць можа толькі той, каторага трымаюць за зяле́зным засовам, а я, пакуль што, на свабодзе.