АЛЬЖБ. Ня пушчу.
БУТРЫМ. Ле́пей я памру, ле́пей хай маё хворае це́ла разарвуць сабакі, чымся я спакойна буду глядзе́ць, як зде́куюцца над маім братам… пусьці мяне…
БАЦЬКА. Кумок, куды-ж ты, падумай!..
АЛЬЖБ. Ці ёсьць у цябѐ розум…
БУТРЫМ. Есьць, паміраць дык усім я пѐршы трупам лягу (выбег).
АЛЬЖБ. (за ім). Куды ты, куды ты?
МАЦІ. Во гдзе няшчасьце, дык няшчасьце.
БАЦЬКА. Будзе бяда, — хоць-бы Рыгор ня трапіў на гэта… матачка найсьвяце́йшая, не папусьці нас!..
ЗЬЯВА VIII.
РЫГОР з АКСІНЬНЯЙ.
РЫГОР. Матуленька, вось перад вамі пара шчасьлівых у сьве́це людзе́й.
МАЦІ Ве́льмі рада гэтаму, сынку.
РЫГОР. Вось гэта цыганё вельмі кахае мяне, і праз гэта я шчасьлівы…
МАЦІ. Вельмі рада гэтаму, дзе́ткі.
РЫГОР. Матуля, глянь на яе́, глянь, колькі дабраты ў гэтых цыганскіх вачох… Аксіньня родная… ці праўда ўсё гэта?...
АКСІНЬ. Як Бог на не́бе!
РЫГОР. Ну сядзь, сядзь, мая галачка чарнавокая… (убачыў ля вакна бацьку). А… тату, і вы ў хаце, а я ўжо і прытомнасьць страціў… не убачыў зусім.
БАЦЬКА. Нічагутка… гдзе-ж быў, сынку?
РЫГОР. У лузе кве́ткі рвалі, варажылі, хто каго любіць… і як ня круціў, — то ўсё выходзе, яна мяне́ лыбіць а я яе́ не… цыганё…