АЛЬЖБЕТА. Што ты, што ты, кумка, крэй нас Божа, выпраўляеш, то ве́даеш зачым.
ЯКІМ (да Бутрыма). Казалі, дзядзька, каб не забыўся свайго роднага… забыцца можа толькі той, у каго няма ні душы, ні сэрца, а ніякага пачуцьця.
БУТРЫМ. І я кажу, што той не чалавек, каторы выйдзе з сялянскае хаты, сароміцца прызнацца, што ён сын вёскі і сароміцца ня толькі свайго брата, але часта і бацькоў. Колькі маю прыкладаў, ой, ой, узяць хоць-бы сына Гаўрыленка, Мікіту Качаргу э… і ўспамінаць ня хочацца.
Гадаваўся ў вёсцы, ганяў на пасту, а пасьля, як скончыў школу, выехаў і толькі бачылі… ліст раз напісаў да бацькі і падпісаўся: быўшы ваш сын, а ныне памочнік валаснога пісара не́йкай там воласьці, Ніколай Кочэргін. Фамілію і тую перакруціў. А Мікола Васілёў, што ў чыноўнікі ўбіўся ў зье́зд, той ужо так распане́ў, што да свайго бацькі ня прызнаўся, калі той зьявіўся да яго ў лапцёх у зье́зд — кажа: ня хораша было мне́, кале́цкаму рагістрату, гаварыць з табой — мужычком пры людзёх вялікай важнасьці. —
Хоця-ж да цябе́, сынку, гэта не стасуецца, але трэба слухаць, што старыя кажуць, бо жыцьцё — гэта акадэмія добрых і благіх прыкладаў. Жыві, вучыся, дай Божа табе́ быць шчасьлівым і багатым.
ЯКІМ. Дзякую, дзядзечка, за жаданьні — буду памятаць, пакуль не памру.
БАЦЬКА. Мой сын якраз не такі, ці будзе ён вучоны, ці чыноўнік які, бацькі свайго не адчураецца.
ЯКІМ. О! Ніколі, ніколі!