паказала рукой на цёмную групу чырвонаскурых і з вялікім узрушэннем прашаптала, прытуліўшы малодшую сястру да сябе:
— Там, там, на іх тварах, убачыш адказ… Але паглядзім, што будзе далей.
Гэты сударгавы рух і перарывісты шэпт былі больш красамоўнымі, чым доўгія тлумачэнні. Палоннікі зараз-жа накіравалі ўсю сваю ўвагу туды, дзе вырашалася пытанне аб іх жыцці і смерці.
Магуа спыніўся каля астатніх дзікуноў, якія адпачывалі пасля свайго бясконцага піру. Ён звярнуўся да іх з усёй урачыстай важнасцю індзейскага правадыра. Ледзь толькі ён прамовіў першыя словы, яго слухачы выпрасталіся з выглядам пашаны і ўвагі. Гурон гаварыў на сваёй роднай мове, а таму белыя толькі па жэстах маглі здагадацца пра змест яго гутаркі.
Спачатку, мяркуючы па руху яго рук і гуку голаса, здавалася, што ён гаворыць зусім спакойна. Калі-ж Магуа ўзбудзіў увагу сваіх таварышоў, ён пачаў так часта ўказваць у бок вялікіх азёр, што Хейварду ўявілася, быццам ён успамінае пра радзіму гуронаў і іх племя. Слухачы, як відаць, ухвалялі яго, увесь час ускрыкваючы «хуг» і пераглядаючыся між сабой. Лісіца быў занадта хітрым, каб не скарыстаць зручнае ўздзеянне пачатку сваёй гутаркі.
Цяпер дзікун пачаў гаварыць пра доўгі і вельмі цяжкі пераход, які зрабілі гуроны, пакінуўшы свае абшырныя і багатыя дзічыной лясы і ветлівыя вёскі, каб ваяваць з ворагамі «канадскіх