кусты і паступова падыходзілі да зараснікаў маладых каштанаў, якія абкружалі маленькую пляцоўку каля блокгауза.
— Здаецца, яны ідуць сюды, — прашаптаў Хейвард, стараючыся прасунуць ствол сваёй стрэльбы ў шчыліну паміж бярвеннямі. — Я думаю, калі яны будуць бліжэй, мы стрэлім?
— Схавайце стрэльбу, — запярэчыў Сакалінае Вока, — стук крэмня або хоць-бы пах пораху прыцягне нягоднікаў сюды. Ну, а ўжо калі будзе воля бога, каб мы ўступілі ў барацьбу дзеля захавання нашых скальпаў, даверцеся вопытнасці людзей, якія ведаюць норавы і звычаі індзейцаў і не часта ўцякаюць пры гуках баявых крыкаў.
Дункан азірнуўся і ўбачыў, што спалоханыя маладыя дзяўчаты прытуліліся ў аддаленым кутку блокгауза, а магікане стаяць у ценю, як відаць, са здавальненнем рыхтуючыся пачаць барацьбу. Малады афіцэр, стрымаўшы ў сабе нецярплівасць, зноў зірнуў на двор і стаў моўчкі чакаць далей шага. У гэты самы момант густыя галіны гушчару рассунуліся, і на пляцоўцы паказаўся высокі ўзброены гурон. Ён павярнуўся да ціхага блокгауза, і святло месяца заліло яго цёмны твар, на якім відаць было здзіўленне і дапытлівасць. З губ індзейца сарваўся здзіўлены ўсклік, і ён нешта ціха сказаў. Да яго зараз-жа падышоў яго таварыш.
Некаторы момант гуроны стаялі побач, паказваючы пальцамі на поўразбураны будынак і размаўляючы аб нечым. Потым яны рушылі наперад, аднак ціха і асцярожна, увесь час спыняючыся і пільна гледзячы на блокгауз; дзікуны былі па-