сама-ж мала баяліся-б смерці, як вы. Тады менш чым праз тыдзень я адкінуў-бы французаў у іх бярлогу. Але, — дадаў Сакалінае Вока, звяртаючыся да астатніх спадарожнікаў, — туман рухаецца з такой хуткасцю, што мы ледзь-ледзь паспеем захапіць яго ў раўніне і схавацца ў ім. Памятайце-ж, калі са мной што-небудзь здарыцца, ідзіце так, каб вецер дуў у вашу левую шчаку, а яшчэ лепш, ідзіце ўслед за магіканамі; ні ўдзень, ні ўначы яны не саб’юцца з дарогі.
Махнуўшы рукой, разведчык асцярожнымі крокамі стаў спускацца з крутога схілу. Хейвард падтрымліваў сясцёр, і хутка ўсе апынуліся недалёка ад падножжа гары, на якую яны нядаўна ўзбіраліся з такой цяжкасцю.
Ідучы ў напрамку, выбраным Сакаліным Вокам, падарожнікі сышлі на раўніну амаль супроць заходніх варот форта Уільям-Генры. Крэпасць была цяпер на адлегласці поўмілі; густы туман хаваў падарожнікаў ад вачэй непрыяцеля. Аднак, ім давялося спыніцца і пачакаць, каб туман ахутаў сваёй вільготнай пакрыўкай варожы лагер. Карыстаючыся прыпынкам, магікане выслізнулі з ляснога гушчару і пачалі аглядаць мясцовасць навакол. Разведчык ішоў на невялікай адлегласці ад іх.
Праз некалькі хвілін Сакалінае Вока вярнуўся з тварам, пачырванелым ад непрыемнасці.
— Хітры француз паставіў пікет якраз на нашым шляху, — сказаў ён. — Тут і чырвонаскурыя і белыя, і ў гэтым тумане мы з такім-жа поспехам можам трапіць у рукі ворагаў, як і мінуць іх.