цэль была няяснай, і кулі праляцелі міма; аднак, яны праляцелі так блізка ад бегляцоў, што маладым дзяўчатам і Давіду здавалася, быццам яны праляцелі на адлегласці некалькіх дзюймаў ад іх вушэй. Зноў пачуліся воклічы і гукі пагоні. Тады Сакалінае Вока спыніўся і, шпарка прыняўшы рашэнне, цвёрда прамовіў:
— Стрэлім у іх усе адразу; яны падумаюць, што нашы зрабілі вылазку, і адступяць або-ж спыняцца, чакаючы падмацавання.
Гэты вельмі добра прыдуманы план не ўдаўся. Ледзь толькі французы пачулі стрэлы, уся раўніна ажывілася, зашчоўкалі стрэльбы на ўсім яе працягу, ад берагоў возера і да самага аддаленага краю лесу.
— Мы прыцягнем на сябе ўвесь атрад! — усклікнуў Дункан. — Друг мой, вядзіце нас наперад, да форта, калі вы шкадуеце ваша ўласнае жыццё і наша!
Разведчык з радасцю згадзіўся-б выканаць яго жаданне, але ён і сам не ведаў цяпер, у якім баку знаходзіцца форт; дарэмна падстаўляў ён пад ветрык то адну шчаку, то другую: яны абедзве адчувалі аднолькавы халадок. У гэты цяжкі момант Ункас наткнуўся на баразну, праведзеную гарматным ядром, якое прабіла тры мурашнікі.
— Пусціце мяне наперад, — сказаў Сакалінае Вока, нахіліўся, прасачыў за напрамкам баразны і шпарка рушыў па ёй.
Крыкі, праклёны, стрэлы зліваліся ў адзін гул і чуліся з усіх бакоў. Але раптам бліснула паласа святла: туман падняўся густымі кольцамі, гармат-