— Але Магуа даў слова не ганьбіць славы Францыі! Ворагі вялікага караля, якія жывуць на тым баку Салёнага возера, таксама і яго ворагі; яго сябры павінны быць таксама сябрамі Магуа і яго племя.
— Сябрамі! — пагардліва паўтарыў індзеец. — Няхай мой бацька дасць руку Магуа.
Манкальм, які адчуваў, што яму лягчэй падтрымліваць свой уплыў на ваяўнічыя плямёны, якія ён сабраў сабе на дапамогу, шляхам уступак, чым сілай, выканаў, хоць і неахвотна, патрабаванне індзейца. Магуа прыклаў палец французскага генерала да глыбокага шраму на сваіх грудзях і лікуючым тонам запытаў:
— Мой бацька ведае, што гэта такое? Вось тут, у гэтым месцы?
— Вядома, кожны воін пазнае сляды ран. Гэтае месца было прабіта свінцовай куляй.
— А што гэта азначае? — запытаў індзеец, павярнуўшы да Манкальма сваю аголеную спіну, якая чамусьці не была як звычайна прыкрыта плашчом.
— Гэта? Мой сын быў бязлітасна абражаны. Хто нанёс яму такія ўдары?
— Магуа моцна спаў у вігваме англічан, і дубцы пакінулі сляды на яго спіне, — адказаў індзеец і засмяяўся глухім смехам, не ўтойваючы лютай злосці, якая душыла яго. Аднак, ён хутка стрымаў сябе і ганарыста дадаў: — Ідзі і скажы тваім салдатам, што надышоў мір. Хітрая-ж Лісіца ведае, як гаварыць з воінамі гуронаў.
Не чакаючы адказу Манкальма, чырвонаскуры