голаса, спыніўся і прыслухаўся; але ў гэты момант Аліса ў непрытомнасці павалілася на зямлю, а Кора апусцілася каля яе на калені і з пяшчотнасцю нахілілася над яе безжыццёвым целам. Мунро ў роспачы паківаў галавой, але прайшоў міма, памятаючы толькі пра высокія абавязкі камандзіра.
— Лэдзі, — сказаў Гамут. Бездапаможны і бескарысны ў гэтую хвіліну, ён усё-ж не падумаў пакінуць даручаных яго заступніцтву маладых дзяўчат. — Лэдзі, гэта свята д’яблаў, і хрысціянам не падыходзіць аставацца ў гэтым месцы. Ідзем адсюль, уцякайма!
— Ідзі, — адказала Кора, не спускаючы вачэй са сваёй сястры. — Ратуйся, ты мне не можаш дапамагчы.
І просты, але выразны рух рукі маладой дзяўчыны, які суправаджаў гэтыя словы, даказаў Давіду непахіснасць яе рашэння. Некаторы момант ён глядзеў на цёмныя фігуры гуронаў, якія рабілі сваю жахлівую справу; яго высокі стан выпрастаўся яшчэ больш, ён глыбока ўздыхнуў, увесь твар яго ажывіўся ад хвалявання, красамоўна выяўляючы пачуцці, якія напаўнялі яго душу.
— У бібліі сказана, што слабы хлопчык Давід уціхамірыў цара Саула гукамі арфы і словамі сваіх песняў, — сказаў ён, — і я таксама пастараюся ў гэтую страшную хвіліну выпрабаваць магутнасць музыкі.
І вось, узвысіўшы свой голас, ён заспяваў ва ўсю моц з такім напружаннем, што свяшчэнны гімн быў чутны нават сярод шуму і гаму, якія на-