яе сястры. Мы ведаем, што першая была тут, але дзе сляды другой? Пойдзем далей па гэтых слядах, і, калі нічога не знойдзем, давядзецца вярнуцца на раўніну і прайсці па іншаму шляху. Ідзі наперад, Ункас, і назірай за сухім лісцём. Я буду назіраць за кустамі, а твой бацька будзе аглядаць зямлю. Ідзем, сябры мае; сонца заходзіць за ўзгоркі.
— А я нічога не магу зрабіць? — трывожна запытаў Хейвард.
— Вы? — паўтарыў разведчык, які ўжо пайшоў наперад са сваімі чырвонаскурымі сябрамі. — Так, вы можаце ісці ззаду нас і не затоптваць слядоў.
Прайшоўшы некалькі дзесяткаў футаў, індзейцы спыніліся і пачалі разглядаць нешта на зямлі з большай, чым раней, увагай. Бацька і сын размаўлялі быстра і голасна, гледзячы то на прадмет іх агульнага зачаравання, то адзін на аднаго, з самым шчырым задавальненнем.
— Яны знайшлі маленькую нагу?! — ускрыкнуў разведчык, спяшаючыся за імі. — Што гэта? Тут была зроблена засада! Не, клянуся лепшай стрэльбай, тут былі верхавыя коні. Ну, цяпер тайна выяўлена, і ўсё ясна, як паўночная зорка ў поўнач. Так, тут яны селі на коней. Коні былі прывязаны вось да гэтага дрэўца, а вунь там праходзіць шырокая дарога на поўнач, проста да Канады.
— Але ўсё-ж няма ніякіх слядоў Алісы — малодшай міс Мунро, — сказаў Дункан.
— Калі не лічыць бліскучай цацкі, якую Ункас толькі што падняў з зямлі. Дай сюды, хлопчык, мы добра яе разгледзім.