так, што яна прасвістала каля самых тваіх вушэй, Сагамор.
Чынгачгук зноў прыняў ранейшую позу са спакоем, якога не мог парушыць такі малаважны выпадак. Ункас далучыўся да астатніх і сеў ля вогнішча з такім-жа спакойным выглядам, як бацька.
Хейвард з вялікай цікавасцю і здзіўленнем назіраў за ўсім, што адбывалася перад ім. Яму здавалася, што паміж жыхарамі лясоў існуе нейкае патаемнае разуменне, якое ўслізгвае ад яго розуму. Замест паспешната вялікага расказу, у якім белы юнак стараўся-б перадаць, — а магчыма, і пераўвялічыць, — падзеі, якія адбыліся на цёмнай раўніне, малады воін, відавочна, задавальняўся ўсведамленнем, што яго справы самі будуць гаварыць за яго. Сапраўды, для індзейца ў даны момант не было выпадку пахваліцца сваімі подвігамі, і, напэўна, калі-б Хейвард не запытаў, не было-б сказана ні слова аб гэтай справе.
— Што здарылася з вашым ворагам, Ункас? — запытаў Дункан. — Мы чулі ваш стрэл і спадзяваліся, што вы стралялі не дарэмна.
Малады воін адкінуў складкі свайго паляўнічага адзення і спакойна паказаў фатальны пук валасоў — сімвал сваёй перамогі. Чынгачгук узяў у руку скальп і ўважліва разглядаў яго на працягу некалькі хвілін; потым ён кінуў скальп, і страшэнная агіднасць паказалася на яго твары.
— Онеіда! — прамовіў ён.
— Онеіда! — паўтарыў разведчык. Ён падышоў, каб зірнуць на крывавую эмблему. — Барані богі!