усклік Ункаса, які сядзеў на носе лодкі, прымусіў яго зноў устрымацца ад стрэлу.
— Што такое, хлапец? — запытаў Сакалінае Вока. — Ты выратаваў аднаго з гуронаў ад прадсмяротнага крыку. Ці ёсць у цябе якое-небудзь апраўданне для гэтага?
Ункас паказаў на камяністы бераг некалькі наперадзе іх лодкі, адкуль вылецела другая баявая лодка, якраз наперарэз ім.
Цяпер небяспека стала відавочнай. Разведчык паклаў стрэльбу і ўзяў вясло. Чынгачгук накіраваў нос лодкі бліжэй да заходняга берагу, каб павялічыць адлегласць паміж сабой і новымі ворагамі. У той-жа час нападаўшыя на бегляцоў ззаду напаміналі ім аб сваёй прысутнасці дзікімі крыкамі. Гэтая жудасная сцэна вывела з апатыі нават Мунро.
— Высадзімся на бераг, — сказаў ён з выглядам вопытнага воіна, — і дадзім бой дзікунам.
— Хто хоча выйграць у вайне з індзейцамі, не павінен быць настолькі ганарлівым, каб адмаўляцца ад хітрасці, — адказаў разведчык. — Трымайся бліжэй да берагу, Сагамор. Мы абыходзім машэннікаў, і, можа яны паспрабуюць перагарадзіць нам дарогу.
Сакалінае Вока не памыліўся. Гуроны павярнулі з простага шляху і страцілі на гэтым у хуткасці. Лодкі ішлі на адлегласці двухсот ярдаў адна ад адной. Цяпер гэта зрабілася спаборніцтвам на шпаркасць. Лёгкія лодкі рухаліся так шпарка, што вада возера ўскіпала наперадзе іх, і яны качаліся на хвалях, што ўздымаліся