злучаюць свае галасы ў хвале богу і, як відаць, належаць да ліку самых паганых з ідалапаклоннікаў.
— Вы ўзводзіце паклёп на індзейцаў. Нават мінгі чакаюць міласці і дапамогі толькі ад Вялікага Духу.
— Магчыма, — сказаў Давід, — але я бачыў у іх дзіўныя, фантастычна расфарбаваныя малюнкі, якія ўзбуджалі ў іх духоўнае захапленне і карысталіся асобнымі клопатамі; у асаблівасці адзін малюнак нячыстага, агіднага прадмета.
— Змяі? — паспешна запытаў разведчык.
— Падобна да гэтага. Гэта быў малюнак поўзаючай чарапахі.
— Хуг! — ускрыкнулі ў адзін голас абодва магіканы, якія ўважліва прыслухоўваліся да расказу, а разведчык пакачаў галавой з выглядам чалавека, што зрабіў важнае, але непрыемнае адкрыццё. Потым Чынгачгук загаварыў на дэлаварскай мове спакойна і з ганарлівасцю, што зараз-жа прыкавала да яго ўвагу нават тых, каму былі незразумелыя яго словы. Жэсты яго былі выразныя і часамі энергічныя. Адзін раз ён высока ўзняў руку; калі ён апускаў яе, то гэты рух адкінуў складкі яго лёгкага плашча; ён прыклаў палец да грудзей, як быццам жадаючы пацвердзіць значэнне сваіх слоў гэтым жэстам. Вочы Дункана сачылі за рухамі дзікуна, і ён убачыў вельмі добра, хоць і бледна намаляваны сіняй фарбай малюнак толькі што названай жывёлы на смуглых грудзях правадыра.
Разведчык адвярнуўся ад свайго чырвонаскурага сябра і сказаў: