бычы, якая дасталася яму, а пасля сказаў вельмі выразна:
— Мой брат — мудры правадыр. Мы рады яму.
— Гуроны любяць сваіх братоў дэлавараў, — адказаў Магуа. — І чаму ім не любіць сваіх братоў? Яны афарбаваны тым-жа сонцам, і іх справядлівыя людзі будуць пасля смерці займацца паляваннем на адных і тых-жа месцах. Чырвонаскурыя павінны быць сябрамі і глядзець ва ўсе вочы на белых людзей. Ці не сустракаў мой брат шпіёнаў у лесе?
Дэлавар, імя якога ў перакладзе азначала «Цвёрдае Сэрца», забыўся на гэты раз пра непахіснасць. Выгляд яго твара зрабіўся больш мяккім, і ён дайшоў да таго, што стаў размаўляць больш пэўна.
— Каля майго лагера былі чужыя макасіны. Сляды іх дайшлі да маіх хацін.
— Мой брат выгнаў сабак? — запытаў Магуа.
— Гэтага нельга зрабіць. Вандроўнік — заўседы жаданы госць для дзяцей племя ленапаў.
— Вандроўнік, але не шпіён.
— Хіба інгізы паслалі-б шпіёнамі сваіх жанчын? Ці не сказаў правадыр гуронаў, што ён узяў жанчын у часе бою?
— Ён не схлусіў. Інгізы паслалі сваіх разведчыкаў. Яны былі ў маіх вігвамах, але не знайшлі нікога, хто мог-бы прывітаць іх. Тады яны пабеглі да дэлавараў — таму што, кажуць яны, дэлавары — нашы сябры; іх душы адвярнуліся ад іх канадскага бацькі.