паўтарыў пытанне, мацней і больш выразна вымаўляючы словы.
— Дайце нам зброю, — высокамерна адказаў малады чалавек, — і змясціце нас вунь там каля лесу. Нашы справы адкажуць на гэта пытанне.
— Дык гэта ты той воін, імя якога так добра знаёма нам! — сказаў правадыр, гледзячы на Хейварда з той цікавасцю, якая заўсёды выклікае ў адным чалавеху выгляд другога, што праславіўся дабрадзейнасцямі, або заганамі, або вылучыўся дзякуючы выпадковасці.
— Што прывяло белага чалавека да дэлавараў?
— Нястача. Я прышоў за ядой, прытулкам і сябрамі.
— Не можа быць. Лясы перапоўнены дзічынай. Для галавы воіна не трэба іншага прытулку, апрача бязвоблачнага неба, а дэлавары — не сябры інгізаў. Годзе, язык сказаў тое, чаго не гаварыла сэрца.
Дункан змоўк, не ведаючы, што казаць далей; але разведчык, які ўважліва прыслухоўваўся да ўсяго, што адбывалася навакол, смела выступіў наперад.
— Я не адазваўся на імя Доўгі Карабін не ад сораму і страху, таму што ні адню з гэтых пачуццяў не ўласціва сумленнаму чалавеку, — сказаў ён, — але я не хочу прызнаваць за мінгамі права даваць якую-небудзь мянушку чалавеку якому сябры далі асобнае імя за яго прыродныя дараванні. Ды і назва гэтыя няправільная: «аленебой» — простая стрэльба, а зусім не карабін. Але я сапраўды той чалавек, які атрымаў