гія любяць яе, яна вельмі добрая, вельмі дарагая для многіх, каб зрабіцца афярай гэтага нягодніка.
— Я ведаю, што бледнатварыя — ганарлівае, прагавітае племя. Я ведаю, што яны не толькі заяўляюць правы на зямлю, але лічаць, што самыя ніжэйшыя з людзей іх колеру лепш самагораў чырвонага чалавека. Сабакі і крумкачы іх племя, — гаварыў стары, — пачалі-б брахаць і каркаць, калі-б яны ўзялі ў свае вігвамы жанчыну, колер скуры якой не быў-бы бялей снегу. Але няхай вельмі не выхваляюцца перад тварам Маніта. Яны прышлі ў гэтую зямлю з боку ўсходзячага сонца і могуць пайсці ў бок заходзячага. Я часта бачыў, як саранча аб’ядала лісце дрэў, але час цвіцення надыходзіў для іх.
— Гэта так, — сказала Кора, глыбока ўздыхаючы, як быццам выходзячы з здрантвення. — Але тут ёсць яшчэ адзін чалавек з твайго ўласнага племя, якога не прывялі да цябе; выслухай яго, перш чым дазволіць гурону з перамогай пайсці адсюль.
Заўважыўшы, што Таменунд з неўразуменнем азіраецца навакол, адзін з правадыроў, які суправаджаў яго, сказаў:
— Гэта змяя — чырвонаскуры найміт інгізаў. Мы пакінулі яго, каб катаваць.
— Няхай ён прыдзе, — сказаў мудрэц.
Ён зноў сеў на сваё месца, і, пакуль воіны пайшлі, каб выканаць яго загад, надышла такая цішыня, што ясна быў чуцен шолах лісця ў суседнім лесе.