Ён вырашыў, што для яго надышоў час апраўдацца ад такіх зневажальных абвінавачанняў.
— Што я забіваў макуасаў, — не буду адмаўляць, забіваў, нават на іх нарадах ля вогнішча; але ніколі мая рука не зрабіла шкоды дэлавару, бо я прыязна адношуся да іх і да ўсіх, хто належыць да іх племя.
Лёгкі ўхвальны шэпт прабег сярод воінаў, якія абмяняліся між сабой позіркамі людзей, пачынаючых усведамляць сваю памылку.
— Дзе гурон? — запытаў Таменунд.
Магуа смела выступіў з натоўпу і стаў перад патрыярхам.
— Справядлівы Таменунд не затрымае таго, што гурон пазычыў яму часова, — сказаў ён.
— Скажы мне, сын майго брата, — прамовіў мудрэц, адварочваючыся ад хітрага твара Хітрай Лісіцы і з радасцю накіроўваючы свой позірк на адкрыты твар Ункаса, — мае гурон над табой права пераможцы?
— Не; барс можа іншы раз трапляць у пасткі, расстаўленыя жанчынамі; але ён дужы і ведае, як выскачыць з іх.
— А Доўгі Карабін?
— Смяецца над мінгам. Ідзі, гурон, запытай у сваіх жанчын, як ім падабаецца мядзведзь.
— А чужаземец і белая дзяўчына, якія разам прышлі ў мой лагер?
— Павінны ісці вольна куды хочуць.
— А жанчына, якую гурон пакінуў у маіх воінаў?
Ункас не адказаў.