дзецца ізноў завадзіць малітвы: „Матка нябесная, Езус Хрыстус“. Ізноў мальцы будуць яго штурхаць, а бабы дакучаць уселякімі пытаньнямі. Прыкра тады глядзець і на дзеда: ён і моршчыцца болей, і горбіцца ніжэй, і кашляе часьцей, і гукае аб гэткіх рэчах, аб якіх нігдзе і ніколі ня чулі… Кажэ, напрыклад, што ў Расеі проста на вуліцах народ марнее з голаду гэтак, што і падбіраць ужо нема каму. Нічога гэткаго яны папраўдзі і ня бачылі, але, не зманіўшы, нічога і не дастанеш. А што з гэтымі кускамі хлеба рабіць? Дома дык можна прадаць за якіе сорак або пяцьдзесят капеек пуд, а тутака ніхто не купляе. І выходзіць, што часта трэба кідаць у стэпі і добрые кускі смашнаго хлеба. Самім ня змога ўсяго з’есьці, а насіць цяжка.
— Пойдзеце збіраць? — спытаўся дзеда казак.
— А ўжож! — уздыхаючы атказаў дзед.
— Устань, пакажу, дзе мая сьвятліца, — зайдзіце начэваць.
Дзед узняўся, але назад ізноў зваліўся ды пабіў сабе бок. Застагнаў глуха, паціраючы балючае мейсцэ.
— Ах, стары ты, стары! — з жалем буркнуў казак. — Усё роўна, не ўставай: як сцямнее ды прыйдзе пара начэваць, папытайся тады Чорнаго, Андрэя Чорнаго — гэта мае прозьвішчэ. Кожын пакажэ. А цяпер злезай. Бывайце здаровы!
Дзед і ўнук стаялі цяпер каля трох топалей. Памеж пнёў іх бачылі яны стрэхі, платы ды гэткіе самые топалі. С пад пылу трудна было і спазнаць гатунак лісьцёў, а кара дык зусім палопалася ад спекоты.
Як раз проста перад ім, памеж двума густымі платамі ішла вузкая вулочка, ў каторай счэз той казак, што іх тутака прывёз. Доўга не мяркуючы, і яны пацягнуліся яго сьледам; а ішлі, як якіе падбітые пешэходы, валачылі ногі ды зумысьля хісталіся,
— Ну, як мы пойдзем: разам, ці па-асобку? — спытаўся Лявонку дзед, ды, нечэкаючы атказу, сам пастанавіў: — разам лепей пойдземо, бо табе вельмі мала даюць. Не умееш прасіць…
— А на што ж нам шмат? Усё роўна, не з’емо… — сумна атказаў Лявонка і аглянуўся навокол, каб хто часам не пачуў.
— Нашто? Во, ці бачыў! А мо’ знойдзецца такі, што купіць? Вось на што! Грошы тады даюць. А грошы — вялікая рэч; з імі, нябось, ня згінеш, калі памру я.
І пачаў дзед ласкава гладзіць ўнукаву галоўку.
— А як табе здаецца, колькі я ў гэтай дарозі назбіраў?