якія узнікаюць пры вывучэнні яе гісторыі.
Бадай, ніхто не стане спрачацца з тым, што нельга проста ўзяць і закрэсліць некалькі вякоў гісторыі беларускага народа толькі таму, што ў адпаведны час не было яшчэ этнаграфічнага тэрміну «Беларусь». Вядома, што калісьці Італія называлася Рымскай дзяржавай, таксама як, напрыклад, Руская дзяржава - Масковіяй, альбо Вялікім княствам Маскоўскім. Калі глядзець толькі на назву, то можна многае закрэсліць у гісторыі. Ул. І. Ленін у сваёй рабоце «Аб дзяржаве» пісаў: «Самае надзейнае ў пытанні грамадскай навукі... самае важнае, каб падысці да гэтага пытання з пункту гледжання навуковага, гэта-не забываць асноўнай гістарычнай сувязі, глядзець на кожнае пытанне з пункту гледжання таго, як пэўная з'ява ў гісторыі ўзнікла, якія галоўныя этапы ў сваім развіцці гэтая з'ява праходзіла, і з пункту гледжання гэтага яго развіцця глядзець, чым даная рэч стала цяпер».
У Леніна, як бачым, гаворка ідзе аб дыялектычнай пераемнасці ў гістарычным развіцці, якое ён супрацьстаўляе метафізічнаму голаму адмаўленню. Зыходзячы з гэтага пункту гледжання, мы можам прасачыць тую «асноўную гістарычную сувязь», якая існуе паміж Вялікім княствам Літоўскім і тымі землямі, якія абумовілі яго ўзнікненне, зразумець, якія «этапы ў сваім развіцці» гэтая дзяржава прайшла і чым яна нарэшце стала.
Што датычыць таго перыяду, які мы разглядаем, то, згодна прававых дакументаў, уся тэрыторыя гэтай дзяржавы дзялілася на дзве часткі: 1) непасрэдна Вялікае княства Літоўскае і 2) землі, да яго «прымыкаючыя». Літва (ці Вялікае княства Літоўскае) уключала у сябе на ступныя паветы: Гродзенскі, Брэсцкі, Кобрынскі, Пінскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Лідскі, Ашмянскі, Навагрудскі, Мінскі, Слуцкі, Рэчыцкі, Мсціслаўскі, Браслаўскі, Віленскі, Трокскі, Вількамірскі, Упітскі. Да «прымыкаючых» (альбо «прыслухаючых») зямель адносіліся ўсе ўкраінскія землі, Полацкая, Віцебская, Падляшская землі, а таксама Жмудзь (значная частка этнаграфічнай Літвы).
Такім чынам, Вялікае княства Літоўскае па сваім этнаграфічным складзе і тэрытарыяльным прынцыпе было больш беларускай дзяржавай, чым літоўскай. Да гэтага прывяло і павінна было прывесці гістарычнае развіццё закладзенага яшчэ Міндоўгам «ядра будучай дзяржавы». І гэта добра разумелі многія дарэвалюцыйныя рускія гісторыкі, і сярод іх гісторык-марксіст Г. В. Пляханаў, які у сваёй «Гісторыі рускай грамадскай думкі» карыстаўся такім тэрмінам, як «Літоўская Русь», атаясамліваючы яго з паняццем «Літва».
З XІV стагоддзя фактычна асталіся толькі два цэнтры, якія прадаўжалі актыўна збіраць вакол сябе усходнеславянскія землі, - Маскоўскае і Літоўскае вялікія княствы. Менавіта гэта меў на ўвазе К. Маркс, калі адзначаў, «Русь тады была падзелена на дзве дзяржавы: (падкрэслена намі.-М. А.) Macкву і Літву» (К. Маркс. «Стенька Разін». Цытуецца па кнізе І. Б. Грэкава «Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XІVXVІ вв.». М, 1963, стар. 156).
Лічым неабходным напомніць чытачу адно вельмі цікавае выказванне Ф. Энгельса: «У той час, калі Велікаросія падпала пад мангольскае іга, Беларусь і Маларосія знайшлі сабе абарону ад азіяцкага нашэсця, далучыўшыся да так званай дзяржавы Літоўскай» (К. Маркс и Ф. Энгельс, т. XVІ, ч. 11, стар. 10). Ф. Энгельс, як бачыце, гаворыць, што Беларусь і Украіна далучыліся да так званай Літоўскай дзяржавы. І чаму ён гаворыць аб так званай дзяржаве Літоўскай? Між іншым, па гэтым пытанні мы адсылаем чытача да такіх знаўцаў беларускай гісторыі, як М. Любаўскі, В. Т. Пашута, І. Грэкаў, А. Е. Праснякоў (адна з прац яго так і называецца: «Западная Русь и литовско-русское государство»!!!).
У В. Люкевіча і Я. Трашчонка ўсё пастаўлена з ног на галаву. Не супольнасць гаспадарчага жыцця абумовіла існаванне Вялікага княства Літоўскага, а... што б вы думалі?-фактар насілля. Мы ўжо вышэй зазначылі, як яны тлумачаць стварэнне гэтай дзяржавы: літоўскія феадалы, маўляў, узялі і ўключылі ў склад сваёй дзяржавы заходнерускія землі, на якіх яны потым занялі пануючае становішча. А гэта, як вядома нават школьнікам, можна было зрабіць толькі з дапамогай сілы. Перад намі, такім чынам, нейкі новы варыянт «тэорыі насілля», недарэчнасць якой паказаў Ф. Энгельс у сваім «Анты-Дзюрынгу».
Ф. Энгельс зазначаў, што насіллем наогул нельга растлумачыць ніякіх адносін панавання і заняволення. Бо насілле замест таго, каб панаваць над гаспадарчым становішчам, само павінна служыць яму. Пярвічным заўсёды выступае эканамічны фактар, і ўсякая палітычная улада з таго часу, калі яна становіцца «самастойнай у адносінах да грамадства», можа дзейнічаць у дваякім напрамку. «Альбо яна дзейнічае ў духу і напрамку заканамернага эканамічнага развіцця. Тады паміж ёю і гэтым развіццём не ўзнікае ніякага канфлікту і эканамічнае развіццё паскараецца. Альбо ж палітычная ўлада дзейнічае насуперак гэтаму развіццю, і тады, апроч нямногіх выключэнняў, яна, як правіла, падае пад націскам эканамічнага развіцця. Гэтымі нямногімі выключэннямі з'яўляюцца тыя адзіныя выпадкі заваяванняў, калі