Чаротам асаджаны і яго ўласны ціхі сум і плач: „З сучасных настрояў“ (89), „Невядомая“ (88). На канве гэтага–ж разьмеру сплецены ім і вянкі васільковых вобразаў у вершах „Я зноў, дзе поле каласамі“ (126) і „Вясну пяю“ (129). Павяваньне ад гэтага разьмеру адважнай мяцежнасьці, якая зьліваецца з затаенным сумам у вадзін акорд, атулены вянком васільковых вобразаў — вось у чым асаблівасьць чаротаўскага ямбу. Іпастасуе Чарот свой ямб найбольш пірыхіем у розных стопах, але найчасьцей у трэцяй.
Другі разьмер, які зьмяшчае ў сабе ўвесь запал і крык душы Чарота, — гэта парыўчы і лёгкі анапэст, іпастасуемы амфімакрам, бакхіем і іншымі стопамі. Гэтым разьмерам напісаны „Завіруха“ (3), „Скокі на могілках“ (6), „Бунтар“ (11) „Гром“ (17), „На чырвонай дарозе“ (33), „Песьня лірніка“ (91), „Незнаёмы“ (99). Для прыкладу даю апісаньне гэтага разьмеру ў вершы „Завіруха“. Гэта 3–хстаповы анапэст з іпастасам амфімакрам на 1 стапе (у 12 радкох з 28), бакхіем на 1, 2 і 3–яй стапе (3 выпадкі) і молосам на 1–ай стапе (1 выпадак). Радкі 5, 6 і 27 падоўжваюцца да 4 стоп. Гіперкаталектычны жаночы канчатак падоўжваецца да дактылічнага (7 выпадкаў), 12–ты радок цалком пераходзіць у дактылічны дзякуючы папярэдняму складанаму канчатку. Такі канчатак не асякае гучэньня і як–бы дае прастор для працяжнасьці папярэдняга высокага гуку. З боку інструмантоўкі праз увесь верш чырвонаю ніткаю праходзяць націскныя „е“ (33) і „о“ (29) (з рэшты а — 14, у — 12, і — 9, ы — 5) і пераважаюць алітарацыі па „з“, „дз“ і „ц“ у 1 і 5 строфах і на „р“ у 2 і 4 строфах. Калі ўзяць усё гэта пад увагу, а менавіта гучаньне вершу на „ео“ з прысьвістам сычачых і плаўнага „р“ і перабойна–парыўчы рытм яго, то сапраўды ствараецца ўражаньне не завываньня нуднай завірухі, а гулянкі „мяцеліцы сьмерці“ ў вершы.
Над балотам гудзе завіруха...
Ведзьмай носіцца з краю да краю,
І зьмятае з зямлі жыцьця пацяруху...
Неба сьвінцовым дажджом палівае...[1]
З іншых разьмераў — дактылем напісаны 4 вершы і амфібрахіем — 9.
- ↑ Завіруха — стар. 1.