Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/17

Гэта старонка была вычытаная

рэволюцыйнай працы, праз злучэньне ў „адзін нячутны хор“ гукаў ліры і „посьвісту кос“. У гэтым тое новае мастацкае маладое, якое ўнесена Чаротам у беларускую поэзію.

IV

Цяпер паўстае пытаньне — што–ж зьмясьцілася ў гэтых формах тыповага, ці ёсьць у Чарота адбітак жыцьця й якога, якія адбіваюцца праз яго агульныя настроі?

Ужо вызначаныя крыніцы творчасьці гавораць, які кут жыцьця павінен адбіцца ў песьнях Чарота. Гэта перш за ўсё той „спрадвеку заплаканы край“, дзе „чорнай хмараю дажджлівай стаіць на ўзгорку шумны бор“, дзе „рэчкі і выгары блішчаць люстэркай між балот“, дзе „глебе шэпча чары вясёлым громам небасход“, дзе „птушак пералівы зьвіняць, як струнаў перабор“. Гэта той край, дзе балоты спавіты лазьнякамі, дзе пяскі, камяніцы, дзе „дзёрнам зрасьліся загоны“, дзе „расьце палын, асот“, дзе „ў нізінах лес бяроз, на ўзгорку — шумны бор“ і „вербы над рэчкай шумяць“. Гэта той край, дзе поле парэзана на вузкія загоны, спавітыя „паясамі зялёных меж“. Увесну гэтыя загоны ўбірае авёс „зялёным аксамітам“, а летам „шэпчуць жыта каласы чароўную казку“ пра русалак. У гэтым кутку „вольхам і бярозам купае сонца галаву і жменяй згорнутыя сьлёзы расою сыпле на траву“. У цэнтры гэтага пэйзажу „ўбогая вёска, усімі забытая“. Тая вёска, дзе „хата старая, стрэхі са- дратыя, хлеў аж хістаецца згнілы“, дзе „хата старэнькая стаіць пры балоце“, дзе „заплаканы вочы старых жабрачак — родных хат“. Гэта тая вёска, якую абкружаюць „неўрадлівыя палеткі“, „незасеяны пустыр“, „мора траў“ ды пушчы. Гэту вёску вартуюць збудованыя вякамі курганы ды крыж згніўшы і „восямі зьнізу ўвесь абабіты“, а „чуць вецер павее — дрыжыць“. Вось які кут Беларускага краю дае Чарот у сваіх песьнях. Гэты тыповы малюнак беларускага пэйзажу намалёваны Чаротам у агульных рысах, асобнымі мазкамі, раскіданымі па ўсіх вершах. Гэта малюнак бядняцкай Беларусі.

Жыве ў гэтым краі народ, які завецца беларусы. Займаецца гэты народземляробскаю працаю. У яго „рукі ўсе ў мазолях“, пот выядае вочы. Ён спрадвеку „сьлязамі, потам паліваў родныя абшары“ ды „ў беднай вёсцы пеў песьні, разганяў гэтай песьняй нуду“. Гэта той народ, які носіць „лапці з ліпа-