I далей:
Ты ня біся з бедным братам,
Што, як ты, працуе,
А заві яго на помач...
Прыдзе — як пачуе.
Не шкадуй ні куль, ні шаблі
Для магната–пана,
Хай у бойцы ён спазнае
Мужыка–Сьцяпана.
Гэта матка ведае, што
Вёска ўся цябе пахваліць,
Што ты быў салдатам,
За зямлю што з панам біўся,
Каб быць ўсім багатым...
I поруч з гэтай маткай сын, які абяцае споўніць просьбу маткі і які адказвае матцы:
За народ, за яго волю
Буду сьмела біцца.
Пакажу панам–зладзеям,
Што ў мяне ёсьць сіла,
Абы куляў, вострых шабляў
На вайне хваціла[1].
Другі вобраз новага чалавека — гэта вобраз таго, хто „завецца байцом–комунарам“. Ён „у жыцьці пагардліва крыж цяжкі нясе за свабоду“, ён не баіцца агню, у змаганьні жыцьця не шкадуе, ён „праменьнем іскравым вядзе нявідучых па шляху“, „б’ецца за праўду на сьвеце за згоду“, ён будуе жыцьцё, „на варце стаіць адраджэньня“, ён „агнём іскраметным народ запаляе“[2]. Гэта чалавек з новай сталёваю воляй, гэта „бясстрашны путнік“ к вялікай будучыне, вобраз якога выхаплены Чаротам з таго стану, які перамог ворагаў свабоды ў спрадвеку заплаканым краі і сьвяткуе першы май „у знак пабеды вольнай працы“[3].
Другі стан на захадзе, куды зьляцеліся ўсяго сьвету
Ўсе крывапійцы–багачы,
I там шчэ вольна, без запрэту
Лятаюць, нібы крумкачы.