Гэтыя дажываюць там свой век з замерам, „каб зноў вярнуць няволі век“. Недабіткі іх засталіся тут. Яны — поп, прыстаў ды „дзьве бабулькі“.
Ворагі свабоды шэпчуцца паціху,
Чуюць, што падходзіць іх апошні дзень...
Страшна ў дзень расплаты: моляцца бяз дыху
I снуюць між намі, нібы мёртвых цень[1].
Жывуць яны тым, што ходзяць у царкву, стукаюць паклоны ды ўспамінаюць „бляскі, дні жыцьця–разгулу“, як калісь жылі.
Так выяўляецца ў творчасьці Чарота першага пэрыоду вобраз рэволюцыйнага змаганьня з яго дзейнымі асобамі. Гэта змаганьне за клясавае вызваленьне, а цераз яго вызваленьне і соцыяльнае, і нацыянальнае таго народу, які абзываўся ўсё жывёлаю, таго краю, які слыў за „дзікі“ край.
Вобраз яго досыць поўна акрэсьлены ў песьнях Чарота, чаго нельга сказаць пра другі бок жыцьця, а менавіта пра працу. З гэтага боку ў Чарота знаходзім толькі агульны вобраз хутчэй працоўных настрояў пасьля перамогі, чымся выяўленьне процэсаў працы.
На чырвоных плямах хату вольнай працы
Мы будуем дружна... Гэй, дзівіся сьвет!
Рукі ўсе ў мазолях, пот ліе у вочы...
Цяжка... Што–ж!.. Нічога! Прыдзе й нам спачын.
Дні мы ўсе працуем, мы працуем ночы,
Новы сьвет будуем дружна, як адзін.
Сьвет стары мы палім — гэта наша справа.
Хто з людзей пасьмее кінуць нам папрок?
Будавалі ўсе мы — нішчыць маем права.
Хай усё затопіць нашай працы сок[2].
Гэта настроі, падобныя да тых, якія выяўляе і расійскі поэта Кірылаў, адбіваючы псыхолёгію рэволюцыйных мас у вершах:
"Во имя нашего завтра сожжем Рафаэля,
Музеи разрушим, растопчем искусства цветы".
Апроч гэтага, у Чарота знаходзім адзін толькі вобраз працы — гэта касавіца: