...Забялелі шнуры ад кашуль мужыкоў,
I калышуцца хваляй рады...
Сьвіст касы, звон мянташак, брускоў,
Ды ад ног на балоце сьляды.
За пракосам пракос выплывае у міг
З мора вечна–зялёнай травы...
Касцоў песьціць рукой агнявей залаты, —
Чэша променем сноп галавы.
Эх, і цяжка касцом... рукі, плечы баляць,
Хмара гляне з–за лесу, як дым, —
Граблі ў рукі — сухое зграбаць!..
У касавіцу спачынак ня ім...[1]
Гэта праца, якая ня ведае працоўных гадзін, а цягнецца ад усходу да захаду сонца. Справаджаецца яна песьнямі ды вясёласьцю, бо „ад прады ня плача наш брат“.
Нарэшце, трэба яшчэ зазначыць на нізку тыповых настрояў рэволюцыйнай пары, якія адбіваюцца ў творчасьці Чарота.
Перш за ўсё, гэта моцная вера народу ў сваю будучнасьць. „Народ ужо верыць, што будзе вялікім, што праўдаю стануць чароўныя сны“[2]. Вера ў свае сілы:
Эх, ня трэба нам ахвяры,
Прасіць вас ня будзем.
Вось як зьнікнуць гэты хмары —
Самі ўсё здабудзем[3].
Вера ў абуджэньне творчага духу ў народзе:
Мы верым — узбудзіцца воляю
Дух творчы усёй грамады...
...Мы створым жыцьцё нявіданае,
Збудуем палац да нябёс...[4]
Вера народу ў перамогу над голадам, калі апошні ахапіў быў Паваложжа:
Верыць ён: хутка кончацца мукі, —
Голадзможа саха, серп і молат[5].
Вера ў сілы тых братоў, якія адарваны гранічнай мяжою:
Мы верым ў вашу сілу...
...Хто пабудуе мур, які–б дзяліў наш кут?