мотывы і малюнкі, нарэшце, тыповая чаротаўская рачавістасьць як рэзультат яго мастацкай працы над нагляданым матэрыялам. Цяпер паўстае апошняе пытаньне: дзе–ж позыцыя самога Чарота ў тых вобразах, малюнках і перажытках, якія ён стварыў, дзе той сьвет, якім ён асьвятляе сваю вёску, балоты, завіруху, дзе яго асабовыя адносіны да жыцьця?
Ігнатоўскі ў „Мотывах лірыкі Чарота“ гэтак вызначае грунт сьветагляду Чарота: „У жыцьці йдзе клясавая барацьба ўласьнікаў капіталу з людзьмі працы. Рабочыя й сяляне змагаюцца й павінны змагацца з фабрыкантамі й панамі. Павінна быць збудавана ўлада рабочых і сялян, каторая забясьпечыць іх політычна–соцыяльныя правы. Адвечная барацьба паміж капіталам і працаю абавязкова закончыцца перамогаю працы“[1]. Поўнае выяўленьне сьветагляду Ігнатоўскі бачыць у вершы „Два“, дзе Чарот увасабляе двух уладароў сьвету: капітал і працу, якія з веку ў век змагаліся, „гулялі сьмерці баль, каб славы ўзяць вянок“. Праца перамагае. „І вось на полі тым, дзе скончан бой вялікі, пабеды йграе гымн убогі пастушок“[2]. Бязумоўна, Чарот пад тым сьцягам, дзе напіс: „Уладыка сьвету — Праца“.
Але гэта крыніца індывідуальнага сьвету ў Чарота мае свой уласьцівы яму колер. Перш за ўсё, яны ў бязьмерным каханьні свайго краю. У гэты колер задушэўнага каханьня атулены і ўсе вобразы спрадвеку заплаканага краю. I калі Чарот на чужыне
ў 17 годзе казаў, зьвяртаючыся да бога:
Каб ведаў ты толькі, як край свой кахаю,
Як міл ён для сэрца майго, —
Заўсёды я думкай ў тым краі вітаю,
Я толькі жыву для яго...[3], то ў 19 годзе вуснамі ўбогага пад крыжам ён кажа:
О, краю мой родны, усімі забыты! —
Я, сын твой, цябе не забыў.
Хай буду я куляй варожай забіты, —
Ня кіну таго, хто паіў і карміў.
Ня кіну ніколі цябе, мая вёска!
Пад крыжам лешп лягу ў зямліцы сваёй!!![4]