IІ
Перш, чымся перайсьці да разьвязаньня настаўленых пытаньняў, я мушу агаварыцца, што адказы на гэтыя пытаньні абмяжуюцца разглядам творчасьці Чарота раньняга пэрыоду, а іменна: творамі, зьмешчанымі ў першым зборніку Чарота „Завіруха“[1].
Калыска поэзіі Чарота — гэта беларуская вёска „сярод поўных сьлёз балот“, сярод неўрадлівых палеткаў, парэзаных вузкімі шнурамі.
Прасторы палёў, апавітыя стужкамі адвеку шумлівага лесу; параскіданыя на палетках векавечныя курганы; аксамітныя лугі–сенажаці; выганы з люстэркамі рэчак і азёр ды з „соннымі выгарамі“, што зьліваюцца з неагляднымі для вока балотамі, якія галамі цягнуцца амаль праз усю Чэрвеншчыну (радзіма Чарота); кучкі алешніку, бярэзьніку, параскіданыя па гэтых балотах; хмызьнякі; туманы, што часта зьвісаюць мяшкамі; крыжавыя дарогі сярод гэтых малюнкаў; зімы з мяцеліцамі, завеямі ды завываньнем ветру ў полі; летам звон птушыны, які зьліваецца ў адно сугалосьсе з песьнямі жней і касцоў; блакітная высь, часта ахварбованая то ў грымотныя, то ў лёгкія, пухкія хмаркі, — вось тая прырода, на прыполе якой гадаваўся за працаю або ля стадка поэта Чарот. Тут крыніца калі ня шырокіх малюнкаў, дык тых чаротаўскіх „мазкоў“ прыроды, праведзеных яго рукою амаль ня ў кожным вершы. Крыніца тых вобразаў, якія Чарот выхапляе з роднай прыроды не як самамэту, а як сродак дзеля выпуклейшага адбітку перажыткаў і настрояў, якія выплывалі з іншых крыніц. Вось чаму праз гэтыя дэсані прыроды, пераплеценыя з душэўнымі перажываньнямі ў чаротаўскіх песьнях, павявае сумна–вясёлым шумам бароў, шумам калосьсяў вузкага загону, звонам птушак, посьвістам кос, злучаным у „адзіны нячутны хор“ з гукамі ліры поэты, пахам балотнай травы, усьмешкаю сініх васількоў, песьняю ночы „ква– кум–бінь“, посьвістам злой віхуры, громам пяруна і зьзяньнем маланкі[2].
- ↑ Праца гэта напісана ў 1923 годзе і зьяўляецца адным з разьдзелаў задуманае мною вялікай монографіі аб усёй творчасьці М. Чарота.
- ↑ Гл. вершы ў зб. „Завіруха“: „Я зноў, дзе поле каласамі“ — 126 стар., „Вясну пяю“ — 129 стар., „Буралом“ — 132, „Русалка“ — 123, „Родныя птушкі“ — 111, „Завіруха“ — 3, „Жывое балота“ — 8 стар. і інш.