„Тут я, – кажа Чарот, – належаў да клясы мужыкоў, якія ня ўмелі гаварыць, як трэба было, для якіх патрэбен быў кій, а ня вольнае выхаваньне. Гэты падзел на вучняў–мужыкоў і на вучняў–інтэлігэнтаў адразу натаўкнуў маю думку, што і ў вёсцы ёсьць той самы падзел на мужыкоў і паноў. З гэтага часу я пачынаю цікавіцца, чаму гэта так“[1]. I хоць Чарот тут ня можа знайсьці адказу на паўстаўшае перад ім пытаньне, у душы яго адкладаецца абурэньне. Прачынаецца ў ім сьвядомасьць нацыянальная і соцыяльная. Гэта адчыняе перад поэтаю шырэйшы прыліў тых крыніц, якія да сэмінарыі несьвядома прабіваліся ў яго душу. Абуджаная–ж пад уплывам аднаго настаўніка (Меліхава) цікавасьць да чытаньня кніг дае магчымасьць Чароту яшчэ на школьнай лаве павялічыць круг крыніц для сваёй творчасьці і ясьней адчуць сваё месца сяроджыцьцёвага віру. Гэта–ж дапамагае поэту ўсьвядоміцца ў тых задачах, якія высоўвае перад ім жыцьцё. Аўтары–клясыкі будзяць думку Чарота і падаюць яму новыя тэмы для творчасьці. Гэта думка цяпер уся скіроўваецца на вёску, а вершы ўжо дыхаюць гневам. „Памятаю, — кажа Чарот, — I. I. Рэйнскі прачытаў мой гневам пранікнуты верш і сказаў паціху ў калідоры: „Рана пташачка запела, кабы кошачка ня зьела, але нічога, пішэце, у вас ёсьць талент. Толькі пішэце больш аб прыродзе. Навошта вам браць такія тэмы, аб якіх баяцца іншыя пісаць. Гэткіх вершаў нідзе не надрукуюць“. Я нічога не адказаў яму. Але з гэтага часу мне яшчэ больш хацелася пісаць такія вершы, каторых ня можна друкаваць“[2]. Так усьведамляецца поэта і так адбываецца накапленьне духоўнага капіталу ў яго сьвядомасьці, адгэтуль–жа пачынаецца і галоўная крыніца яго песень на нацыянальныя мотывы[3].
Увосень 1917 году, пасьля сканчэньня сэмінарыі, Чарота мобілізуюць у армію. Служба ў арміі яшчэ больш рэзка акрэсьлівае яго псыхіку як селяніна і селяніна–беларуса. З гэтага часу ён стала пачынае працаваць на загонах беларускай літаратуры. А навокала гудзе й разьнімаецца ўшыркі рэволюцыйная завіруха. На Беларусі адбываюцца адна за аднэй політычныя зьмены. Тут сьпярша Кастрычнік, потым нямецкая оку-