пацыя, потым зноў Савецкая ўлада — усё гэта з новай шырынёю разгортае перад Чаротам нявычэрпныя крыніцы для творчасьці. Усё гэта дапамагае здолеўшым ужо прабіцца на сьвет крыніцам яшчэ з большаю сілаю і сьмеласьцю бурліць у чаротаўскіх песьнях. Тым больш, што ў 18 годзе Чарот зьвяртаецца па дэмобілізацыі на Беларусь і залічваецца ў Менскі Пэдагогічны Інстытут. Тут ён перажывае польскую окупацыю, у часе якой, як сьведчыць Ігнатоўскі, „ліру песьняра замяніла вінтоўка барацьбіта– комуністага“. Чарот працуе ў падпольнай організацыі. Пара белапанскага панаваньня на Беларусі дала нямала матэрыялу для творчасьці поэты[1].
Нарэшце, мір з Польшчаю. Беларусь аказалася падзеленаю. Па гэты бок мяжы Беларусь вольная. Пачынаецца мірная праца. Пачынаецца новае вялікае будаўніцтва — ажыцьцяўленьне імкненьня да таго Вялікага, у імя якога гучэла завіруха. Гэта канчатковае Вялікае — комунізм. Праз соцыяльна–нацыянальнае адраджэньне — да канчатковай мэты. Адзіная задача высунена жыцьцём. I тут крыецца ўжо магутная крыніца чаротаўскай творчасьці.
Адгэтуль–жа пачынаецца зьліваньне ўсіх крыніц у вадзіны сынтэз. Паўстаўшая бядняцкая вёска — вёска беларуская „сярод поўных сьлёз балот“, ахопленых рэволюцыйнай завірухаю і яе вялікая будучына — той маяк, які асьвятляе прасторную дарогу працоўнай беднаце, а разам з тым і самому поэце, — вось у якую плынь зьліваюцца ўсе крыніцы творчасьці Чарота. Прычым з гэтага часу плынь гэта ахварбоўваецца ў колеры творчасьці самых працоўных мас Беларусі. Шырыня і магутнасьць гэтай апошняй і самай жыцьцёвай крыніцы выяўляецца апошнімі творамі Чарота, як „Чырвонакрылы вяшчун“, „Чырвоныя вясьнянкі“, „Беларусь лапцюжная“ і інш.
Вось якавы крыніцы творчасьці Чарота. У іх б’ецца надзвычайнай сілы рэволюцыйны ўздым, вялікая нянавісьць да старога і громам раздаецца магутны кліч да новага сьветлага жыцьця.
Жыцьцё беднага працоўнага беларускага люду, захапленьне змаганьнем, закліканьне да новае працы, соцыяльнае абуджэньне, нацыянальнае ўсьведамленьне — гэткія тэмы і настроі жывяць песьні Чарота.
- ↑ Глядзі вершы „Адплата“, „Адарваным“, „Мне сьнілася“, „Як імя яму“, „Разьвітаньне“, „Работа йдзе“, „Беларусы“, „Апошні крык“ і інш. Тут–жа „Крыніца“ і аповесьць Чарота „Сьвінапас“.