На пасеку адну арол не’к прыляцеў.
На вульлі сеў,
І з цікавасьцяй вялікай пазіраў —
Як род пчаліны мёд зьбіраў.
Адна пчала, відаць, змарыўшыся зусім,
Якраз прысела побач з ім.
Дык вось арол і кажа ёй:
— Я-б не жадаў у скуры быць тваёй.
Ўвесь век працуеш ты пад потам,
З усімі разам над тым сотам.
Куды й другія мёд нясуць.
Скажы, ці зможа хто-нібудзь,
Табе хоць дзякуй каб сказаць,
У соце гэтым разабраць,
Што частка ў ім — тваей работы?
— Эх, панок!—пчала ў адказ:
Ніхто тут з нас
Ня мае часу ні ахвоты
Лічыцца між сабой работай.
Хто што зрабіў — дык без ад’знакі,
Бо нам ня трэ’ чыейсь падзякі.
Ня дзелімся, каб не сварыцца,
Каб праца ў нас магла спарыцца…
— Ды як-жа так: а чэсьць? а слава?
На гэта-ж кожны мае права?
— Аб славе мы зусім ня тужым,
Затое ўсім прыкладам служым.
А чэсьць і гонар бачым ў тым —
Што мёд смакуе наш усім!
|