Старонка:Байкі, гумар, сатыра (1928).pdf/55

Гэта старонка была вычытаная

Аднак, як помню: там букашкі,
Казяўкі, блохі на’т і мушкі,
Зьвяры заморскія і птушкі…
Не прапусьціў я, брат, нічога,
З найбольшага і да малога…

— Ну, а аддзелы са скацінай
Ці бачыў? Слонь як падабаўся?
Ма’ быць вельмі напужаўся
Спаткнуўшыся з такой махінай?

— Сло-онь? А там ён? Можна ўбачыць?

— Дык ты сланя ня бачыў, значыць?
Дык як-жа ж так: хадзіў, хадзіў,
Казявак на’т не прапусьціў.
Найцікавейшага-ж ня бачыў…

— Ды што-ж я тутка вінаваты?
Казаў ўсё стораж, што тлумачыў
(Каб ён ня бачыў свае хаты!)
Сланя-б я вось як рад пазнаў,
Яго-ж гад той не паказаў…

|}



Мужык і клапы.

У курнай хаце мужыка
Дзе здаўна вадзілісь
Тараканы й прусакі —
Клапы паявілісь.

Чухаў бакі гаспадар,
Скраблась гаспадыня.
Лягуць ноччу яны спаць —
Бы жывець пярына!

Так і ходзіць хадуном!
І паўзуць казяўкі
І кроў сьвежую з усіх —
Смокчуць, бы піяўкі.