— „Прадаць тут ня штука, ды дзіч дарагая,
Грошай ці хопе? Дый ежа такая
Хіба не падходзіць сталу бедака?…“
З пагардай буркнуў ён у бок хлапчука.
— „Два злоты! І помні, з цаны ня спушчаю!“
— Пабойся ты Бога! Два злоты я маю,
Ды гэта ўсе грошы… За іх мне патрэба,
Купіць і занесьці да хаты хунт хлеба;
Бо брат мой маленькі, бедны дзіцёнак,
Вылезшы толькі-што з люлькі й пялёнак
У хаце халоднай сядзіць, горка плача,
Хлеба ад раніцы сяньня ня бачыў…
А далей — патрэба ісьці мне ў аптэку
Купіць там для мамкі павінен я леку.
Бедная сохне, бы сьвечка гарыць,
Мусіць ня доўга на сьвеце ёй жыць…
Доктар мікстуры вось ёй прыпісаў,
Толькі дзічынай карміцца казаў…
Татка мой сьлесар: Ды працы ня мае.
Гора — нуда нас усіх заядае…
За злот, малю Богам, шпака мне аддай!
Табе Ён даплоце, ты пойдзеш у рай.
Іначай ня хопіць, што маю, грашэй
На хлеб і лякарствы для мамкі маей!“
Са сьмехам хлапцу тут лясьнік адказаў:
— „Дальбог я ня ведаў, дагэтуль ня знаў,
Каб жонкі рабочых, з якойсь там прычыны,
Бы нейкія пані, кармілісь дзічынай!
Рэцэпт я вось маю для маткі тваей.
Заместа дзічыны — гарэлкі хутчэй
Хай вып’е кілішак, а то і другі —
Хворасьць уся міне, ня будзе й тугі.
Два злоты, ня меней, кажу не на жарты!
За злот-жа й набою траціць ня варта,
А болей ня маеш, дык прэч адхадзі!“
— „Лясьнік, а лясьнік сюды, брат, хадзі!“
Пан гэтак з карэты пазваў лясьніка:
— „Колькі ты хочаш, кажы, за шпака?“