Пырнік узрос, абуяла дзярна,
Не прабіць яе ломам, лапатай…
Верне сошка зямлі мох калматы,
Аб каменьні скрыгоча яна…
— Будзь шчасьлівы, багаты, араты!
«Ну, мой конь, ну, сівенькі мой конь! —
А як кончым — паедзем да хаты»…
Як з сявенькі на ролю зярняты —
Ад падкоў ляцяць іскры-агонь…
— Будзь шчасьлівы, багаты, араты
«Абарваўся увесь, нібы пень, —
Скрозь на сьвітцы — за латаю лата,
Ну, мой конь, — можа будзем багаты
Ў добры час, у шчасьлівейшы дзень!»
— Будзь шчасьлівы, багаты, араты!
«Я — мужык, — ты-ж — мой верны слуга;
Наш прастор — аж ад поля да хаты…
Будзе мне, мужыку, колісь сьвята, —
Табе-ж сена і нова дуга»…
— Будзь шчасьлівы, багаты, араты!..
Капыль, 1910.
|