Якая-ж аснова беларускіх земскіх прывілеяў па сваёй істоце? Прызнаючы, што ў Смаленску, Віцебску і Полацку дзейнічала ў XII—XIII ст. ст. свая Праўда, а ня Праўда Руская, хоць можа і падобная ў многіх пытаньнях, трэба выходныя пункты права гэтых земляў у пазьнейшую пару шукаць якраз у Смаленскай Праўдзе. Прыраўноўваючы Смаленскі Дагавор 1229 году да земскіх прывілеяў, ня прыходзіцца разьлічаць на вялікую колькасьць агульных юрыдычных норм, раней за ўсё, з прычыны таго, што яны розныя па сваіх асноўных мэтах: першы—ёсьць акт міжнароднага характару, а другія—рэгулююць адносіны мясцовага насельніцтва да вярхоўнай улады, а, апрача таго, яны невялікія па свайму аб'ёму самі па сабе, і на сапраўдныя кодэксы зусім не падобны.
І. Полацкі прывілей зьмяшчае права палачан устанаўляць мыты з тавараў, якія правозяцца з Смаленску, — на асновах узаемнасьці:
„естли бы Полачане брали на Смолнянѣхъ мыто отъ соли и отъ воску, и его милость також Смолняномъ велѣлъ брата на Полочанѣхъ мыто отъ соли и отъ воску; а естли бы Полочане на Смолнянѣхъ не брали, ино и Смолняномъ на Полочанѣхъ не брати".[1]
Мабыць, і смольняне мелі права ўстанаўляць мыта. Гэта відаць і з Смаленскага прывілею, якім даецца смольнянам права браць мыты: вагу мядовую, саляную, музолкі, коромысел[2]. Гэтыя пастановы зьяўляюцца перажыткам практыкі, выражанай у Смаленскім Дагаворы:
„Всякому Латинескому члвекоу свободѣнъ путе изъ Гочкого берега до Смольнеска без мыта до Гоцкого берега" (арт. 34).
ІІ. Смаленскі прывілей зьмяшчае пастанову, якая забараняе трымаць корчмы ў Смаленску.
„А корчмы въ городѣ Смоленску не держати"[3].
У дагаворы 1229 году адпаведнай нормы няма, бо яна не закранае міжнародных адносін. Яна мае на мэце патаемны выраб віна, існаваньне якога прыносіла шкоду фіску. Але аб мытах з корчмаў, якія ішлі ў карысьць князя, успамінае больш раньні помнік—устаўная грамата смаленскага князя Расьціслава Мсьціславіча 1150 г., дзе князь пераўступае ў карысьць царквы свае прыбыткі з корчмаў:
„на Копысѣ полюдыя четыри гривны, а перевоза четыри гривны, а торгового 4 гривны, а корчьмити невѣдомо, но что ся соидеть нзъ того десятина святой Богородици"[4].
III. Адным з самых найстарэйшых злачынстваў, вядомых праву старадаўня-рускіх зямель, зьяўляецца крадзеж. Разьвіцьцё прыватнае ўласнасьці, вялікая каштоўнасьць рэчаў пры параўнаўча невялікім матэ-