Хто быў аўтарам проекту Статуту—невядома. Але, ведаючы канцэлярскі спосаб яго складаньня, няма падстаў усю работу прыпісваць канцлеру Гаштольду. Наўрад ці працавала тут якая-небудзь сталая камісія. Мабыць, Гаштольд, як начальнік дзяржаўнай канцэлярыі, даручыў работу аднаму ці некалькім выпрактыкаваным пісаром. Такім іменна чынам быў падрыхтаваны, напрыклад, пісарам Мартынам з Лужка па загаду канцлера п. М. Кезгайла вядомы прывілей 1447 году, так складаліся і іншыя прывілеі. Канцэлярскім чыноўнікам даручалася адзяваць у пісьмовую форму пастановы Паноў-Рады і сойму, чаму яны павінны былі і прысутнічаць пры абгаварэньні законапроектаў. „Очень часто—гаворыць проф. Любаўскі—писари составляли документы на основании того, чему были сами свидетели в раде господарской"[1].
З гэтай прычыны, можна з пэўнасьцю сказаць, што гаспадарскі сакратар князь Вежкгайла, які быў пасланы на Віленскі сойм 1524 году з „правамі пісанымі" ад гаспадара, і быў тою асобаю, якая прысутнічала на сойме, як дакладчык; ён-жа, бязумоўна, згодна ўстаноўленай практыкі, выпраўляў проект па паказаньнях сойму. Пры абгаварэньні другіх проектаў Статуту маглі прысутнічаць і іншыя асобы.
Але, зразумела, канцэлярскі спосаб падрыхтаваньня проекту не адхіляў удзелу Гаштольда, як асобы, якая нясе агульную адказнасьць за работу канцэлярыі. Калі наогул ніякі юрыдычны дакумэнт ці законадаўчы акт ня мог выйсьці без зацьвярджэньня канцлера, дык тым больш трэба нагадваць блізкі ўдзел і нагляд за кодыфікацыйнай работаю з боку Гаштольда. Ува ўсякім выпадку якраз ад яго залежыў агульны характар зьместу проекту. Ускосна гэта відаць з таго супраціўленьня, якое зрабіла шляхта першаму і другому проектам. Гаштольд, як прадстаўнік магнацтва, зямельнай арыстакратыі, і павінен быў прыдаць працы па кодыфікацыі такі напрамак, які адбіваў інтарэсы таго пласту, да якога ён належыў, і які ён ня мог не абараняць.
Гісторыя Літоўскага Статуту 1529 году сьведчыць аб барацьбе між двума пластамі аднэй і тэй-жа клясы зямляўласьнікаў, і сам Статут дае вынік компромісу паміж шляхтаю і магнацтвам з перавагаю ў карысьць апошняга. І няма зусім адзнак таго, каб падымалася пытаньне аб пераважным уплыве на будучы Статут панаваўшай у якой-небудзь з асобных зямель праўнай сыстэмы. Галоўную ролю гралі клясавыя інтарэсы, аб‘яднаўшыя шляхту незалежна ад таго—ці былі гэта украінцы, беларусы ці літвіны. З гэтага боку нацыянальнае мінулае не заўсёды магло падыйсьці к моманту, і чужое нацыянальнае права, напрыклад, права польскае, прыцягвала грамадзкую ўвагу пры выданьні Статуту. Перад вабнымі пэрспэктывамі клясавага панаваньня пытаньне аб захаваньні пераважнага нацыянальнага ўплыву народаў, якія ўходзілі ў склад Літоўскай
- ↑ Любавский. Литовско-Русский Сейм. стар. 384—394.