Украінская гісторыяграфія, якая адкідае концэпцыю „агульнарускага права", высоўвае пункт погляду самастойнага ходу разьвіцьця юрыдычнага жыцьця, таго права, якое знайшло сваё надворнае выражэньне ў Рускай Праўдзе. Але з тэй прычыны, што права, якое дзейнічала ў беларускіх землях і якое таксама і далей разьвівала пачаткі Рускай Праўды, увайшло ў Літоўскі Статут, дык высоўваецца далейшая задача выясьненьня ўдзельнай вагі праўных сыстэм украінскіх і беларускіх земляў, якія ў поўнай меры склаліся к моманту выданьня Літоўскага Статуту. Справа ідзе не аб тым падабенстве, якое наглядаецца паміж Літоўскім Статутам і Рускаю Праўдаю, а аб тых мясцовых звычаёва-праўных сыстэмах, якія паслужылі крыніцамі для Літоўскага Статуту.
Ва украінскай гісторыка-юрыдычнай літаратуры погляд на Літоўскі Статут, як на помнік украінскага права, найбольш рэзка выказаў проф. Лашчанка[1]. Акадэмік М. Грушэўскі прытрымліваецца некалькі іншага пункту погляду. Ён лічыць, што права Рускай Праўды, якое сформавалася ў сярэднім Прыдняпроўі, у выніку політычнага і культурнага заняпаду апошняга, не магло мець непасрэднага ўплыву на права вялік. княства Літоўскага ў пэрыод яго формаваньня (XIV—XV сталецьце). Галоўным элемэнтам, які ўтварыў у княстве Літоўскім парадак, права, культуру, быў ня столькі украінскі, колькі беларускі. І калі права Рускай Праўды было ўсвоена законадаўствам і практыкаю вялікага княства Літоўскага, дык запазычана было гэта права Рускай Праўды не з Падняпроўя, а з тутэйшых земляў, з іх права і практыкі[2].
Зусім зразумела, урэшце, што беларуская гісторыяграфія прылічае Літоўскі Статут да помнікаў беларускага права[3].
Такая, у кароткіх словах, пастаноўка пытаньня аб нацыянальнай істоце Літоўскага Статуту ў сучасны момант. Але трэба прызнаць, што такое разгалосьсе ў ацэнцы да пэўнай ступені тлумачыцца адсутнасьцю шырокага і паглыбленага вывучэньня крыніц Літоўскага Статуту.
З прац у гэтым напрамку трэба вылучыць раньнюю работу Н. Максімейка[4] Яна каштоўна асабліва ў тай частцы, дзе процістаўляецца Літоўскі Статут з польскім правам. Але яна аналізуе крыніцы толькі адных крымінальных законаў, а апрача таго, не дае—пры сучаснай пастаноўцы разгляданай проблемы—правільнай гістарычнай пэрспэктывы, таму што бярэм для параўнаньня, галоўным чынам, Рус. Праўду і Літоўскі Статут, абыходзячы самы важны і патрэбны матэрыял—звычаёвае права і судовую практыку папярэдняга часу Статуту 1529 году. Акадэмік М. Грушэўскі зусім правільна адзначыў патрэбнасьць прасачыць—
- ↑ Профэсар Р. Лашчанка. Лит. Статут, яко памятник украінського права. Наук. збірник Украінського Універс. в Празі Том. І. Прага. 1923, стар. 66—95.
- ↑ М. Грушэўскі "Історія Украіни—Руси“, т. V, стар. 631.
- ↑ Проф. У. Пічэта. Гісторыя Беларусі, ч. першая. М. 1924 г.
- ↑ Н. Максімейка. Источники уголов. законовъ Литовского статута Кіевъ, 1894 г.